image/svg+xml
Белорусский фонд мира Belarusian fund of peace
17.09.2020 / Администратор

Мы з вогненнай вескі

У Бабровiчах Ивацэвiчскага района у цэнтры вескi стаiць помнік: на мемарыяльнай дошцы ўвекавечана больш за 600 імёнаў і прозвішчаў. І на ўсіх адна дата смерці – 13 верасня 1942 года.

У верасні 1942 года ў час карнай аперацыі «Балотная ліхаманка» былі знішчаны разам з жыхарамі вёскі Бабровічы, Тупічыцы, Красніца, Вяда, Зацішша. Усяго ў раёне было спалена 27 вёсак. Пяць з іх так і не адрадзіліся…

Менавіта тут у пятніцу 11 верасня прайшоў мітынг-рэквіем, прысвечаны Дню міру. Тут сабраліся жыхары вёскі Бабровічы, ганаровыя госці, моладзь, а таксама тыя, каму цудам пашчасціла выжыць падчас гэтай карнай аперацыі, каб ушанаваць памяць спаленых вёсак нашага раёна. Канешне, галоўнымі героямі сталі яны – тыя, каму лёсам было наканавана выжыць у пекле палаючых вёсак. У кожнага з іх свая гісторыя выратавання і адзін на ўсіх боль.

Старшыня Івацэвіцкай раённай арганізацыі Беларускага фонду міру Аляксандр Велікаселец у сваёй прамове звярнуўся да падрастаючага пакалення, каб паглядзелі яны на тых, хто выжыў, каб зведалі цану мірнага неба, каб гучала народная памяць, праўда пра фашызм.

– Тая рана, якая з’явілася тут, на бабровіцкай зямлі 75 гадоў таму, не зажыла, яна дагэтуль баліць. Можна толькі здагадвацца, якім бы быў гэты куток нашай краіны, каб не тыя трагічныя жудасныя падзеі. Нельга ўявіць, як вам, выжыўшым, было цяжка – папялішча і боль, холад і голад, але вы выжылі, выгадавалі дзяцей і ўнукаў, адбудавалі вёску, сумленна і цяжка працавалі, – сказаў Аляксандр Велікаселец.

Пра ўнікальнасць Бабровіцкага краю гаварыў жыхар вёскі, захавальнік яе гісторыі Веніямін Бычкоўскі, ён таксама звяртаўся да школьнікаў, заклікаў іх памятаць тыя трагічныя часы, бо нездарма гаворыцца, што той, хто не памятае свайго мінулага, асуджаны зноў яго перажыць.

Расказала пра сваё дзяцінства Алена Данілаўна Горбач, адна з тых, хто выжыў у агне палаючых вёсак.

– Мне было чатыры гады, але я памятаю, што людзі былі з партызанамі. Хацелася выжыць… І калі вёску спалілі, мы хадзілі па вёсках, і людзі прынімалі нас, кармілі, дапамагалі… Мне пашчасціла, так склалася, што ў мяне засталіся жывымі абое з бацькоў. Жылі па сёлах, а потым, калі вярнуліся, усёй вёскай вырашалі, як жыць далей. Хто зямлянкі будаваў, хто што. Так і выжывалі… – расказала Алена Данілаўна.

Напрыканцы мерапрыемства настаяцель храма святога велікамучаніка Георгія Пераможцы в. Яглевічы пратаіерэй айцец Віталій правёў заўпакойную ліцію. Усе прысутныя ўсклалі кветкі ў гонар вечнай памяці загінулым.

А потым выжыўшым сведкам тых трагічных падзей былі ўручаны падарункі ад Івацэвіцкай раённай арганізацыі Беларускага фонду міру, Івацэвіцкай раённай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа, ДУА «Сярэдняя школа №4 г. Івацэвічы».

І хоць мерапрыемства было прымеркаванае да жалобнай даты, было ўсцешна бачыць, што тыя, хто пазбегнуў жудаснай трагедыі, яшчэ поўныя жыцця і энергіі, як гаманілі яны пра былое, успаміналі тых, каго ужо няма.