image/svg+xml
Белорусский фонд мира Belarusian fund of peace
03.11.2022 / Администратор

Памяць кранае нашыя сэрцы

27 кастрычніка старшыня праўлення Брэсцкага абласнога аддзялення Беларускага фонду міра Лідзія Раманюк прыняла удзел у Першым абласным літаратурным фестывалем “Берасцейскае шматгалоссе” у Жабінцы

І. Шляхам балючай памяці

27 кастрычніка 1942 года ў Жабінцы ды наваколлях амаль няспынна гучалі расстрэльныя каманды, а потым – чэргі з кулямётаў ды шмайсераў.

Таму невыпадкова праз 80 гадоў у Жабінцы ладзіўся першы абласны літаратурны фестываль “Берасцейскае шматгалоссе”. У такі памятны дзень паэты і празаікі з розных куткоў Брэстчыны мелі магчымасць дакрануцца да мінулага, прайсці шляхам балючай памяці.

02.11.2

Яны наведалі цікавыя гістарычныя мясціны жабінкаўскай зямлі, пазнаёміліся бліжэй з яе мінулым, увачавідкі пабачылі, як жыве  край сёння, і пачулі, якім ён стане неўзабаве.

Найперш чырвоныя гваздзікі ляглі да падножжа помніка ў мемарыяльным комплексе “Драмлёва”.

02.11.3

Творцы з хваляваннем, неяк асцярожна, нібыта баючыся парушыць спакой загінулых, ступалі па былым паселішчы, дзе стагоддзямі бруяла жыццё. Яно, тое жыццё, раптоўна і назаўжды перарвалі карнікі 11 верасня 1942 года, што прынеслі з сабой сапраўдны Галавасек. Пісьменнікі слухалі пра лёсы драмлёўцаў і, было бачна, ледзь стрымлівалі слёзы па “вогненнай вёсцы”.

Затым было знаёмства з выставай, прысвечанай генацыду беларускага народа, у раённым гісторыка-краязнаўчым музеі, размешчаным у Малых Сяхновічах.

02.11.1

Апошняй кропкай хвалюючага падарожжа стала Жабінка. Тут, на вуліцы Міру, дасюль беражліва захоўваюцца памяткі аб вайне. Нездарма літаратурны фестываль быў прыўрочаны да сумнага юбілею, калі ў райцэнтры разыгралася сапраўдная трагедыя. Падчас яе ўсяго за суткі нямецка-фашысцкія карнікі расстралялі і закатавалі, у тым ліку пахавалі жыўцом, прыблізна паўтысячы чалавек, у асноўным – жанчыны і дзеці з усходніх рэгіёнаў Савецкага Саюза. Берасцейскія паэты даведаліся, што ажно чатыры помнікі ў сённяшняй Жабінцы сведчаць пра тое зладзейства: адзін – на вуліцы Сцяброўскай і тры – на Міру. Самы выразны з іх – жанчына, якая трымае на руках дзіця. Яны нібыта патрапілі ў “павуціну” аўтаматнага прыцэлу за нейкую хвіліну да рэзкай каманды: “Фоер!”…

Творцы адчулі і пабачылі: як утульны, мірны, квітнеючы горад свята аберагае гістарычную Памяць. А юныя чытачы ўпэўніліся, наколькі кранаюць душу і сэрца вершы ў выкананні аўтараў. Бо паэт можа распавесці пра самыя трапяткія тэмы надзвычай выразнымі сродкамі.

02.11.5

Так, далёка не кожны дзень урок праводзяць пісьменнікі. 27 кастрычніка гэта адбылося ў гарадскім ліцэі, першай і трэцяй школах, куды завіталі ўдзельнікі “Берасцейскага шматгалосся”. Трэба было бачыць, як не хацелі пяцікласнікі-“чамучкі” адпускаць з актавай залы СШ № 3 прадстаўніц “паэтычнага цэху”; наколькі зацікавіла сустрэча з “жывымі пісьменнікамі” вучняў першай гарадской; як блізка былі слёзы ў вачах ліцэістаў, калі гучалі вершы, прысвечныя вайне…

Прычым, у цішыні, якую парушалі толькі галасы паэтаў, хваляванне ахапіла не толькі дзяўчат, нават юнакам перадавалася адчуванне балючай прыналежнасці. Такія імгненні нельга зрэжысіраваць.

02.11.6

ІІ. Зямля берасцейская – край шматгалосы

Святочна ўпрыгожаны гарадскі Дом культуры а 15-й гадзіне шырока расчыніў дзверы перад удзельнікамі “Берасцейскага шматгалосся”.

Удзельнікi фестывалю  даведаліся, што Жабінкаўшчына – надзвычай самабытны край, багаты на творчыя таленты. Яна падаравала свету вядомага гісторыка і фалькларыста Юльяна КРАЧКОЎСКАГА, выбітных паэтаў Альбіна ДЗЯКОНСКАГА, Уладзіміра КІТАЕЎСКАГА і Васіля ГАДУЛЬКУ, дасюль радуюць чытачоў сваёй творчасцю мясцовыя творцы Іван АРАБЕЙКА і сямейны тандэм Бензерукоў. З Жабінкай шчыльна звязаны жыццё і творчасць паэтаў Івана КУСКЕВІЧА, Алеся КАСКО, Васіля САХАРЧУКА. Штогод пісьменнікі радуюць нас сваімі творчымі набыткамі, але сёння, у Год гістарычнай памяці, брэсцкіх пісьменнікаў аб’яднала адна балючая тэма, звязаная з генацыдам беларускага народа.

Пра тое ў віншавальнай прамове згадаў старшыня райвыканкама Вадзім КРАЎЧУК, які расказаў, як сёлета святкаваліся 80-я ўгодкі драмлёўскай трагедыі і разам з тым паступова абнаўлялася вуліца Міру. На думку Вадзіма Васільевіча, гэтыя крокі па добраўпарадкаванні невыпадковыя, паколькі існуе повязь паміж мінулым, сённяшнім днём і будучыняй.

02.11.8

Нямала балючых агнявых кропак пакінула ліхалецце не толькі на карце Беларусі, але і ў людскіх сэрцах. Сёння колькасць паселішчаў, пашкоджаных акупантамі падчас Вялікай Айчыннай вайны перавышае лічбу ў 9200, на жаль, такіх памятак бяды шмат і на Брэстчыне. Пра тое распавёў пракурор раёна Дзмітрый МАРАЧУК.

02.11.4

З асаблівай пашанай была запрошана на сцэну добры сябар нашай пісьменніцкай суполкі, старшыня праўлення абласнога аддзялення Беларускага фонду міру Лідзія РАМАНЮК. Яна прыгадала пра нядаўнае адкрыццё ў Старым Сяле Школы міру, прэзентавала прыгожа выдадзеныя кнігі, у якіх прадстаўлены вершы, эсэ і малюнкі школьнікаў з Жабінкаўшчыны. Лідзія Мікалаеўна асобна ўзгадала музей пад адкрытым небам у аграгарадку Мухавец, паблізу гасцінічнага комплекса “Лагуна Янтарная”, дзе захоўваюцца помнікі савецкім воінам-вызваліцелям, вывезеныя з тэрыторыі Польшчы, калі ўрад краіны-суседкі пачаў пазбаўляцца ад памятак нашага агульнага мінулага.

02.11.7

Сапраўды, не пералічыць трагічных старонак Вялікай Айчыннай… І кожная з іх апалена, на жаль, агнём. На такіх палымяных старонках занатаваны лёсы паселішчаў, знішчаных бясследна. Сясцёр Хатыні ў Беларусі нямала.

Памяці “вогненных вёсак” быў прысвечаны паэтычны конкурс, які праводзіла абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі пры падтрымцы галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама.

На “Берасцейскім шматгалоссі”, які адбыўся пры фінансовай падтрымцы Беларускага фонду міра, былі падведзены вынікі творчага спаборніцтва “Слёзы сясцёр Хатыні”. Конкурс прысвячаўся памяці берасцейскіх вёсак, спаленых катамі ў агнявыя саракавыя. Пераможцы і прызёры атрымалі дыпломы і падарункі з рук старшыні пісьменніцкай суполкі Таццяны ДЗЕМІДОВІЧ.

Пра веску Драмлёва раней пісалі выключна паэты-землякі. Цяпер, дзякуючы конкурсу, лірычная скарбніца памяці пра жабінкаўскую сястру Хатыні папоўнілася вершам Надзеі ПАРЧУК з Брэста, урывак якога падаем:

 

Плыў верасень шчодры і шчыры

Над вёскай Драмлёва ў той дзень.

І сонца, сабраўшы ўсе сілы,

Лілося святлом на людзей.

 

Але нечакана тым ранкам

Варожы ўварваўся атрад –

І вогнішча страшнай маланкай

Шугнула над стрэхамі хат.

 

Гарэла кустоўе шыпшыны,

Палалі ў хлявах жыхары.

Надзейкі, Сяргейкі і Ніны

Крычалі, аж чулі бары.

 

…Ліхія мінулі часіны.

Па знішчаных сэрца баліць.

Мы помніць іх вечна павінны

І міру ў нябёсаў маліць.

 

…Ад смутку і болю да міру – такі няпросты шлях прайшлі нашы продкі. Мы ўдзячны ім за стойкасць, ахвярнасць і сілу духу, за тое, што яны гераічна выстаялі ў барацьбе. Разумеючы гэта, сваёй любоўю і клопатам мы старанна ахоўваем мір на зямлі.

Анатоль БЕНЗЯРУК,

гiсторык, пiсьменнiк, краевед, журналiст