14 чэрвеня на гарадской плошчы прайшоў раённы баль выпускнікоў. Пачаўся ён маляўнічым шэсцем на чале з атрадам барабаншчыц СШ №1. У святочнай калоне – выпускнікі Макранскай СШ –“Школы мiру”.
Традыцыйны баль у традыцыйным фармаце, але заўсёды такі чаканы, такі цёплы і непаўторны. Мерапрыемства кожны раз ператвараецца ў сапраўдны фестываль, дзе ў якасці зорак – адзінаццацікласнікі.
Шчыра і кранальна да выпускнікоў звярнуўся старшыня Маларыцкага раённага Савета дэпутатаў Эдуард Кандзярэшка, які адзначыў, што для іх, дзяўчат і юнакоў, надышоў час самастойных крокаў на жыццёвым шляху, дзе важна не спыняцца на дасягнутым, трэба і надалей праяўляць настойлівасць у дасягненні пастаўленай мэты. Старшыня райсавета дэпутатаў сказаў, што неабходна імкнуцца рэалізоўваць свае таленты, пераадольваць цяжкасці, важна ўдала выбраць сваю прафесійную дарогу і стаць сапраўднымі грамадзянамі, неабходнымі сваёй краіне ў любой сферы дзейнасці. Эдуард Кандзярэшка выказвай упэўненасць, што выпускнікі Маларытчыны 2024 года з гонарам прымуць эстафету старэйшых пакаленняў і ў далейшым зробяць годны ўклад у стварэнне квітнеючага і гарманічнага грамадства.
Сёлета атэстаты аб сярэдняй адукацыі атрымлівалі 176 маладых жыхароў Маларытчыны. За плячамі ў кожнага з іх – адзінаццаць прыступак-гадоў, першы і апошні званок, цэнтралізаваныя экзамены. Сярод выпускнікоў і тыя, хто сваімі поспехамі ўжо неаднойчы пацвярджаў трываласць школьных ведаў, хто не па чутках ведае, што такое стараннасць і настойлівасць у дасягненні мэты. Падчас урачыстага мерапрыемства старшыня Маларыцкага раённага Савета дэпутатаў Эдуард Кандзярэшка і начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Аляксандр Пятручык уганаравалі выпускнікоў-выдатнікаў медалямі, чые школьныя гады былі напоўнены напружанай і стараннай штодзённай працай. Залатыя медалі атрымалі Дар’я Кузьміч, Віялета Шульжык, Вераніка Ярмашук (усе – раённая гімназія), Вераніка Кацёл, Раман Смаль (Олтушская СШ) і Мікалай Шышко (Ланская СШ). Сярэбраным медалём узнагароджана Аляксандра Кручак (СШ №2). Ім таксама былі ўручаны грашовыя сертыфікаты ад Брэсцкага абласнога аддзялення грамадскага аб’яднання “Беларускі фонд міру” і падаруначныя статуэткі – ад Маларыцкай раённага аб’яднання прафсаюзаў.
Ад імя выпускнікоў выступіла выпускніца раённай гімназіі Вераніка Ярмашук. Яна запэўніла, што ўсе выпускнікі Маларытчыны-2024 пастараюцца апраўдаць давер і бацькоў, і педагогаў, здзейсняць сваю мару, заўсёды буду памятаць аб адказнасці за свае ўчынкі, за тых, хто побач.
Цудоўны настрой прысутным на гарадской плошчы дадалі выступленні ансамбля “Мара” СШ №2 з флаг-шоу “Маладая Беларусь” (кіраўнік Таццяна Трафімук), вакальнага ансамбля “Карусель” СШ №1 (кіраўнік Леся Власюк), вакальнага ансамбля “Сузор’е” (кіраўнік Вікторыя Лышчык), танцавальнага ансамбля “Серпанцін” (кіраўнік Аляксандра Вашчынчук) Маларыцкага раённага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, Вікторыі Лышчык, а таксама вальсы, у выкананні выпускнікоў СШ №1, №2 і раённай гімназіі.
І вось новы сюжэт выпускнога балю. Плошча зноў поўніцца чароўнымі гукамі. Адзінаццацікласнікі на развітанне танцуюць вальс са сваімі бацькамі, педагогамі, знаёмымі.
Пасля завяршэння ўрачыстасці юнакі і дзяўчаты ўсклалі кветкі да памятных месцаў, звязаных з падзеямі Вялікай Айчыннай вайны, потым накіраваліся ў свае ўстановы адукацыі, дзе іх чакаў незвычайны апошні вечар, дзе яны, аднакласнікі, пакуль яшчэ разам, але іх думкі ўжо скіраваны ў будучыню
Бывай, родная школа, і добры дзень, дарослае жыццё!
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымках:
Фота аўтара і Алега Крэмянеўскага.