image/svg+xml
Белорусский фонд мира Belarusian fund of peace
02.11.2023 / Администратор

Святланка – дзіця міру

Па традыцыі немаўлятам, якія нарадзіліся ў Дзень міру – 21 верасня, прысвойваецца сімвалічны ганаровы статус «Дзіця міру», а сем’ям нованароджаных грамадская арганізацыя «Беларускі фонд міру» выдае памятныя сертыфікаты і аказвае грашовую падтрымку.

Пашанцавала нарадзіцца ў гэты дзень маленькаму цуду – Святланцы – у сям’і Галіны і Вадзіма Каляды з аг. Рамель Столiнскага района. Дзяўчынка – адзінае дзіця на ўвесь раён, якое ў гэтым годзе з’явілася на свет у такі цудоўны дзень.

У аграгарадок Рамель, дзе жыве сям’я Каляда, павіншаваць бацькоў дзяўчынкі, уручыць сертыфікат «Дзіця міру» з аднаразовай грашовай выплатай прыехалі старшыня раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Беларускі фонд міру» Віталь Яхнавец і старшыня раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз жанчын» Людміла Мароз.

Маленькай Святлане Віталь Іванавіч пажадаў расці здаровай і шчаслівай і ў будучыні здзейсніць нямала спраў на карысць міру, а бацькам – здароўя, цярпення і дабрабыту.

Імя для сваёй дачушкі выбралі задоўга да яе нараджэння, – сказала Галіна. – Яе назвалі ў гонар бабулі Святланы Пятроўны, якая нарадзіла і выхавала сямёра дзяцей.

Святлана ў перакладзе азначае «светлая», «чыстая душой». Спадзяемся, што гэтая дзяўчынка вырасце добрым чалавекам і стане гонарам для сваіх бацькоў і прыкладам для іншых.

У гэты ж дзень старшыні раённых арганізацый грамадскіх аб’яднанняў – Віталь Яхнавец і Людміла Мароз – наведалі сацыяльна-педагагічны цэнтр Столінскага раёна. Дзецям, якія там знаходзяцца, яны прывезлі гародніну, фрукты, салодкія прысмакі.

Выхаванцы цэнтра, як заўсёды, былі рады гасцям, іх клопату і ўвазе. Яны ахвотна расказвалі вершы, адказвалі на пытанні. Дзеці падзяліліся, як скончылі чвэрць, які план склалі на асеннія канікулы, што любяць займацца спортам…

Па матэрыялах раеннай прэсы