На Маларытчыне раённая арганізацыя ГА “Беларускі фонд міру” штогод удзельнічае ў рэспубліканскай дабрачыннай акцыі “У школу – з добрым сэрцам”.
Падчас яе дзеці, якія па стане здароўя навучаюцца дома, і дзеці з прыёмных сямей атрымліваюць падарункі да пачатку навучальнага года.
Вось і сёлета падарункі знайшлі канкрэтных адрасатаў – гэта 11 дзяўчынак і хлопчыкаў з Маларыты, Гвозніцы, Радзежа, Замшан, Хаціслава і Галёўкі.
7 верасня да дабрачыннай акцыі далучыліся член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Тамара Шатлікава, старшыня Маларыцкага раённага Савета дэпутатаў Алег Якубчык, а таксама старшыня раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі фонд міру” Людміла Бурштын. Яны завіталі ў два населеныя пункты.
Падчас сустрэчы ў Гвозніцкай СШ падарункавыя наборы “Таптышка” ад Маларыцкага кансервавагароднінасушыльнага камбіната, развіццёвыя гульні ад індывідуальнага прадпрымальніка Людмілы Хадатчук (магазін “Фармат”) атрымалі трэцякласнікі Кацярына Літвінчук і Таццяна Панасюк, дзесяцікласнік Міхаіл Кардзялюк і адзінаццацікласніца Ангеліна Кавальчук.
Тамара Шатлікава, Алег Якубчык і Людміла Бурштын завіталі і да першакласніка Святаслава Мелешчука.
У гэты ж дзень падарункі таксама ўручылі чацвёртакласніцы Дар’і Братчук і яе брату шасцікласніку Паўлу з Радзежа.
Госці павіншавалі школьнікаў з пачаткам новага навучальнага года, пажадалі ім выдатных адзнак, а таксама выказалі ўпэўненасць, што яшчэ адзін школьны год прынясе толькі яркія эмоцыі, шчырых сяброў і неабходныя ў жыцці веды.
Мiкалай Навумчык,
па матэрыялах газеты «Голас часу»