Цікавыя мерапрыемствы ў Міжнародны дзень абароны дзяцей адбываліся 1 чэрвеня ў Іванава.
Уверцюрай свята стала канцэртна-забаўляльная праграма «Вясёлая палітра фарбаў дзяцінства». Маленькім янаўцам быў паказаны спектакль пра сяброўства «Ружовы банцік». Гэты аксэсуар згубіла дзяўчынка Ганна ў школе.
У перапынку паміж нумарамі, падрыхтаванымі выхаванцамі і навучэнцамі розных устаноў горада, са святам дзяцей павіншаваў старшыня Іванаўскай раёнай арганізацыі Беларускага фонду міру Канстанцін Міхайлавіч Ваўрук. Пераможцам конкурсу дзіцячых малюнкаў, прымеркаванага да 75-ай гадавіны Вялікай Айчыннай вайны і 60-годдзя ўтварэння Беларускага фонду міру, Канстанцін Ваўрук уручыў дыпломы і сертыфікаты на атрыманне грашовага ўзнагароджання.
На вуліцы ўвесь час працавалі выставы работ дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і дзіцячых малюнкаў. Дзейнічалі шматлікія фотазоны, хлопчыкі і дзяўчынкі таксама мелі магчымасць зрабіць сабе на твар аквагрым, навучыцца з паперы вырабляць матылёў. Была праведзена прафілактычная акцыя «Сяброўства пачынаецца з усмешкі», падчас якой можна было атрымаць кансультацыю стаматолага. Арганізаваны шоу мыльных бурбалак, спартыўныя спаборніцтвы па футболе і валейболе сярод вучняў гарадскіх школ.
Працавалі пляцоўкі юнага турыста, Іванаўскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях. На першай былі паказаны майстар-класы па ўстаноўцы палаткі, вязанні турыстычных вузлоў, арыенцір-шоу. Супрацоўнікі РАНС нагадалі дарослым пра тое, што небяспечна пакідаць дзяцей без нагляду, прадэманстравалі спецыяльную тэхніку і спецыяльнае абсталяванне, якое дапамагае ратавальнікам у іх рабоце. З захапленнем дзеці мералі спецадзенне пажарнікаў і фатаграфаваліся ў ім. Шквал эмоцый у іх выклікала падача ствала і паветрана-механічнай пены.