Перад Днём народнага адзінства ў Гвозніцкую СШ завіталі ганаровыя госці.
Сярод іх былі старшыня Брэсцкай абласной калегіі адвакатаў Тамара Шатлікава, старшыня Маларыцкага раённага аддзялення Беларускай партыі “Белая Русь” Алег Якубчык, старшыня Маларыцкай раённай арганізацыі “Беларускага фонду міру” Людміла Бурштын, а таксама актыўны ўдзельнік гэтай арганізацыі, індывідуальны прадпрымальнік Вольга Турбіна.
Затым яны наведаліся і ў дзіцячы дом сямейнага тыпу №2 г. Маларыты (бацькі-выхавальнікі Валянціна і Пятро Лямачка), якому 20 мая 2022 г. прысвоены статус “Школа міру”. Тут да іх далучыліся члены атрада “Міратворцы” Школы міру Макранскай сярэдняй школы разам з дырэктарам установы адукацыі Валянцінай Літвін. Госці павіншавалі вучняў Гвозніцкай СШ, якія выхоўваюцца ў прыёмных сем’ях, і выхаванцаў дома сямейнага тыпу з дзяржаўным святам, якое адзначаецца 17 верасня.
Госці адзначылі, што 17 верасня 1939 г. – напамін аб моцы беларускага народа, аб той сіле, якая аб’ядноўвае нас у цяжкія і радасныя часы, аб нашым агульным імкненні да міру, дабрабыту і росквіту. На народным адзінстве будуецца наша Радзіма. Гэта тая нітка, якая звязвае пакаленні і іх традыцыі. Беларускі народ прайшоў праз мноства выпрабаванняў, змагаўся за свабоду і незалежнасць, захаваў свае каштоўнасці і годнасць.
Тамара Шатлікава адзначыла, што Дзень народнага адзінства служыць яшчэ адным напамінам аб непахіснасці і самадастатковасці беларускай нацыі і дзяржаўнасці, фарміруе пачуццё прыналежнасці да краіны і лёсу кожнага грамадзяніна.
Падчас сустрэчы з дзецьмі размова таксама ішла і пра Міжнародны дзень міру, які ў свеце адзначаецца 21 верасня. Людміла Бурштын падкрэсліла, што мір – адна з важнейшых каштоўнасцей для любога чалавека. На жаль, у свеце нямала краін, дзе ўспыхваюць лакальныя канфлікты, гінуць людзі, парушаецца мірнае і спакойнае жыццё. Беларусі ў гэтым сэнсе пашанцавала: для нас мір – гэта штодзённая рэальнасць. Таму неабходна аб’яднаць нашы намаганні для здалейшага ахавання мірнага і спакойнага жыцця на нашай зямлі.
Спонсарамі мерапрыемства сталі індывідуальны прадпрымальнік Вольга Турбіна, магазін «Фармат» (ІП Людміла Хадатчук), а таксама Маларыцкі кансервавагароднінасушыльны камбінат.
Фота и тэкст
Мікалая НАВУМЧЫКА