image/svg+xml
Белорусский фонд мира Belarusian fund of peace
13.01.2016 / Администратор

В Чечерском районе Гомельщины стартовала новогодняя акция «Фонд Мира от чистого сердца!»

23 снежня ў агульны карагод на Чачэршчыне сабрала сяброў традыцыйная Міжнародная навагодняя дабрачынная елка Фонда мiру. Гэта сустрэча стала юбілейнай – дзясятай. Гонар і адказнасць арганізаваць яе выпалі калектыву Нісімкавіцкай школы.

Раніцай 23 снежня ля варот установы адукацыі было незвычайна шмат машын і аўтобусаў. Дэлегацыі з Веткаўскага, Буда-Кашалёўскага, Рагачоўскага, Кармянскага і Жлобінскага раёнаў з’ехаліся ў Нісімкавічы.

Завіталі на маштабную праграму даўнія сябры з Краснагорскага раёна Бранскай вобласці Расіі. Упершыню раздзялілі з беларусамі радасць ад такой міжнароднай сустрэчы латвійскія госці – дэлегацыя Краслаўскага краю з задавальненнем прыняла запрашэнне на пераднавагодняе мерапрыемства.

Яго арганізацыі садзейнічалі не толькі педагогі і спецыялісты аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, але і паважаныя спонсары. Ідэйным натхняльнікам і асноўным матэрыяльным гарантам застаецца грамадскае аб’яднанне «Беларускі фонд Міру». Старшыня Гомельскага аддзялення Цімафей Іванавіч Глушакоў заўсёды ў ліку ганаровых гасцей.

Хоць свята было арганізавана для дзяцей, але і дарослыя знайшлі магчымасць адарвацца ад паўсядзённых спраў і завіталі ў асаблівую краіну, дзе заўсёды перамагае дабро. Сярод ганаровых гасцей старшыня Чачэрскага райвыканкама Уладзімір Краўчанка, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Вольга Лагойкіна, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Юлія Басаргіна, а таксама кіраўнікі дэлегацый.

Першым чынам на ганках школы сустракалі наведвальнікаў Дзед Мароз са Снягуркай, запрашалі да магічнай елкі з пажаданямі, якая абяцала здзейсніць загаданае. Затым госці траплялі ў прыгожа прыбранае памяшканне. На вуліцы не было ні сняжынкі, затое іх удосталь на вокнах і сценах школы, дапаўнялі атмасферу незвычайнага царства аркі з сасновых лапак і гірлянды. А перш чым перайсці ў спартыўную залу, дзе праходзіла мерапрыемства, хлопчыкі і дзяўчынкі фатаграфаваліся ля маленькіх навагодніх куткоў. І вось загучала ўрачыстая музыка, пачалася сапраўдная казка. Папярэднічалі ёй музычныя падарункі ад гасцей і гаспадароў свята. А затым світа Каралевы Цемры паспрабавала нагнаць на Дзеда Мароза тугу і скрасці ў яго чароўны посах. Снягурачка, Снегавікі, Маці-зіма, Казачнік і ўсе рабяты разам змагаліся са злымі сіламі. Танцавалі, спявалі, разгадвалі загадкі, гулялі ў гульні… У рэшце рэшт злыя персанажы ператварыліся ў лагодных, дабро, як заўсёды, перамагло. Маленькія віноўнікі свята атрымалі салодкія падарункі. Аднак цукеркі хутка з’ядуцца, застануцца прыемныя ўражанні ад вялікага сяброўскага карагода, ад вясёлай музыкі і добразычлівай атмасферы. Запалі ў душу таксама цікавыя героі, якія пакарылі юныя сэрцы гумарыстычным настроем. На гэты раз казку стварылі супрацоўнікі і выхаванцы раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі.

Дзве гадзіны праляцелі незаўважна. Паступова сціх дзіцячы смех. Але суму няма месца перад Новым годам, бо казка толькі пачынаецца. І, як спяваецца ў той песні, Дзед Мароз – гэта мы самі!

В Чечерском районе Гомельщины стартовала новогодняя акция "Фонд Мира от чистого сердца!" 2

Газета «Чачэрскi веснiк»