image/svg+xml
Белорусский фонд мира Belarusian fund of peace
05.12.2019 / Администратор

Фестываль дзіцячай творчасці “Радасныя ноткі” ладзіўся ў Шчучыне

На традыцыйны фестываль дзіцячай творчасці “Радасныя ноткі”, які ладзіўся ў цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі (ЦКНіР), сабраліся не толькі яго выхаванцы, але і таленавітыя хлопчыкі ды дзяўчынкі з устаноў адукацыі ўсяго раёна. Мамы, таты, бабулі і любімыя педагогі таксама ўтварылі вялікі гурт падтрымкі.

Цёпла віталі гасцей метадыст Шчучынскага раённага вучэбна-метадычнага кабінета Ганна Іосіфаўна Новікава, якая курыруе спецадукацыю, і намеснік дырэктара ЦКРНіР Аксана Віктараўна Зубік.

Адразу прыцягвала ўвагу выстава “Шкатулка талентаў”. Творчыя работы, прадстаўленыя тут, выкананы з розных матэрыялаў і ў рознай тэхніцы, але ўсе зроблены з душой і майстэрствам. Іх аўтары – дзеці з асаблівасцямі развіцця, а таму ніхто не мог раўнадушна прайсці міма рукатворнай прыгажосці.

Прыўзняты настрой валадарыў і на сцэне. Да рабят завіталі казачныя героі – цар Гарох і царэўна Несмяяна. Вось яе, сумную прыгажуню, і імкнуліся “разваражыць” юныя артысты, на вачах пераўвасабляючыся ў танцуючыя грыбочкі, хмаркі, у “мульцяшных” герояў і нават гарэзлівых бабулек, якія даюць фору маладым. Дзеці з абмежаванымі магчымасцямі, але неабмежаваным імкненнем да творчасці, дэманстравалі свае таленты ў намінацыях “Тэатральная творчасць”, “Вакал”, “Харэаграфія”,  “Паэтычнае слова”… А публіка ў зале не шкадавала далоняў на гарачыя і шчырыя апладысменты. Вядома, што і твар непрыступнай царэўны Несмяяны неўзабаве азарыўся прамяністай усмешкай. Фестываль “Радасныя ноткі” падарыў радасць усім.

Гэта мерапрыемства штогод праходзіць 3 снежня – у Дзень інвалідаў. Шчучынская раённая арганізацыя Беларускага фонду міру, якую ўзначальвае Сяргей Генадзьевіч Каспярчук, выдзеліла сродкі для салодкіх падарункаў удзельнікам фестывалю, а яшчэ 300 рублёў арганізацыя пералічыла для набыцця новай мэблі ў цэнтр карэцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі. У ролі спонсара ў гэты дзень выступіла і ТАА “Логал-Біа” (дырэктар А.В. Алейнікаў). Прадстаўнік кампаніі – Алена Славаміраўна Богдзель – павіншавала рабят з надыходзячымі зімовымі святамі і перадала гульнявыя дапаможнікі для кабінета ранняй комплекснай дапамогі. Цацкі і школьныя прыналежнасці, сабраныя ва ўстановах адукацыі раёна падчас акцыі “Падары радасць дзецям”, таксама перайшлі ў рукі хлопчыкаў і дзяўчынак, якія так стараліся ўпрыгожыць сваёй творчасцю гэта неардынарнае мерапрыемства.

Г.І. Новікава і А.В. Зубік уручылі ўсім юным артыстам і майстрам прыкладной творчасці граматы, а спонсарам – лісты падзякі. Асабліва цёплыя словы прагучалі ў адрас педагогаў і выхаванцаў Палаца творчасці дзяцей і моладзі, якія заўжды дапамагаюць ЦКРНіР ладзіць мерапрыемствы, бяруць на сябе арганізацыю гукавога суправаджэння, дораць цудоўныя музычныя нумары. Дзякуючы такому альянсу святы і фестывалі атрымліваюцца яркімі і запамінальнымі.

– Мы з дачушкай Алесяй упершыню на такім мерапрыемстве, – гаворыць Вольга Пятроўна Шанчук. – І шчыра ўдзячны за падоранае свята. Тут вельмі сяброўская атмасфера, добразычлівыя супрацоўнікі, а ў нашых дзетак ёсць магчымасць раскрыць і развіць свае здольнасці.