image/svg+xml
Белорусский фонд мира Belarusian fund of peace
23.07.2021 / Администратор

Сабрала поле спелае, поле жытнёвае.

Беларускі фонд міра падтрымаў працаўнікаў гаспадакі. У КСУП «Пескаўцы» Лідскага раёна адбыліся навучальны семінар і раённае свята «Зажынкі».

У цяперашнім летнім сезоне працаўнікам гаспадаркі трэба будзе ўбраць 1750 га плошчаў, адведзеных пад збожжавыя і зернебабовыя культуры. І ўжо ў гэтую пятніцу тэхніка выйшла ў поле. На рахунку ў працаўнікоў вёскі кожная хвіліна. Нездарма ў народзе гаворыцца: «Летні дзень год корміць».

Ва ўсе часы жніво падводзіла вынік шматдзённай працы селяніна. Да пачатку летняй гарачай пары рыхтаваліся, як да вялікага свята: гаспадыня мыла дом, гаспадар прыбіраў надворак, гумно. Стол засцілалі белым абрусам. А затым хадзілі аглядаць свае нівы: ці паспеў колас, ці пара жаць? У некаторых месцах праводзілі спецыяльны абрад. І сёння гэтая традыцыя мае працяг.

На ўчастку поля з азімым ячменем сабраліся спецыялісты і работнікі КСУП “Пескаўцы”, артысты, жыхары навакольных вёсак, госці. Падаспелі экіпажы камбайнаў і шматтонныя МАЗы. Тэхніка гатовая да чарговага іспыту – жніва-2021. Тэатралізаванае прадстаўленне пачалося са старадаўняга абраду: жанчыны, апранутыя ў нацыянальныя касцюмы, сярпамі зрэзалі налітыя каласы, а потым, сабраўшы іх у сноп, прагаварылі замову на добры ўраджай. Песнямі гасцей цешылі народны ансамбль народнай музыкі «Гудскі гармонік», артысты Ганчарскага Дома культуры і гурт “Талер” аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры.

Лідская раённая арганізацыя Беларускага фондку міру падтрымала ініцыятыву Белай Русі і уручыла пяць ізаляцыйных сумак хлебаробам Лідчыны.

– Песні, якія сёння прагучалі ў полі, надаюць абраду асаблівую таямнічасць, – адзначыла дырэктар Лідскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Вольга Троцкая. – І тое, што сёння мы беражліва захоўваем традыцыі і звычаі нашых продкаў, асабліва значна. Зажынкам ва ўсе часы надавалася важнае значэнне. У народзе казалі, што гэта свята – свайго роду рубеж: лета да гэтага часу «даспявае», гарачыя дні ідуць на змяншэнне, ночы паступова халадзеюць.

Права першымі прыступіць да жніва было дадзена аднаму з найлепшых работнікаў гаспадаркі Івану Руткоўскаму і яго напарніку Аляксандру Барташэвічу. На сваім камбайне яны ўзначалілі калону тэхнікі. Машыны рушылі ў поле, напаўняючы бункеры залатым зернем новага ўраджаю. Зусім хутка ў гаспадарцы пачнуць адзначаць першых тысячнікаў. Застаецца толькі пажадаць добрых намалотаў і здароўя тым, хто абраў для сябе гэтую нялёгкую і вельмі патрэбную прафесію – хлебароба.