image/svg+xml
Белорусский фонд мира Belarusian fund of peace
20.01.2020 / Администратор

Беларускі фонд міру уручыў стыпендыі таленавітай моладзі Гродзеншчыны

У Гродне адораным навучэнцам і студэнтам уручылі стыпендыі абласнога аддзялення Беларускага фонду міру.

Гэтай традыцыі ўшанавання лепшых з лепшых ужо больш за дзесяць гадоў. Пачынаючы з 2005 года, лаўрэатамі прэміі сталі больш за 1600 юнакоў, і сёння гэты спіс папоўніўся новымі імёнамі.

– Упэўнены, што для многіх з вас сённяшняя адзнака працы стане яшчэ адной прыступкай на шляху да вялікіх поспехаў, – адзначыў старшыня праўлення Гродзенскага абласнога аддзялення Беларускага фонду міру Іван Калбаска.

Сярод удастоеных стыпендыі сёлета – актывісты валанцёрскага і патрыятычнага рухаў, пераможцы конкурсаў і алімпіяд. Гэта таленавітыя школьнікі, навучэнцы і студэнты вобласці, якія праявілі сябе ў спорце, не аднойчы станавіліся ўдзельнікамі сацыяльна-значных праектаў. Адным словам, 52 маладых талента Гродзеншчыны, якія пераканалі заснавальнікаў прэміі ў тым, што з’яўляюцца сапраўднымі грамадзянамі міру.

З віншавальнымі словамі да таленавітай моладзі звярнулася ветэран Вялікай Айчыннай вайны Валянціна Баранава. З’яўляючыся ганаровым членам праўлення Беларускага фонду міру, яна штогод становіца ганаровым госцем цырымоніі. Адрасуючы таленавітай моладзі ў зале свае віншаванні, Валянціна Баранава адзначыла, што адным з лепшых край робяць перш за ўсё мэтанакіраваныя людзі. Дасягнуць гэтага сённяшнія стыпендыяты ўжо паспелі.

Кожны з юнакоў і дзяўчат Прынёманскага краю ў абласным Палацы творчасці атрымаў дыплом і значок «Стыпендыят фонду міру», а таксама грашовыя стыпендыі.

– Падтрымка заўсёды мае вялікае значэнне. Заахвочванне перамог, творчых або спартыўных дасягненняў – гэта яшчэ адзін стымул далейшага развіцця, – падзяліўся вучань 11 класа вучэбна-педагагічнага комплексу яслі-сад-сярэдняя школа аграгарадка Луцкаўляны Гродзенскага раёна Яўген Занеўскі.

Малады чалавек больш за 20 разоў станавіўся пераможцам дыстанцыйных алімпіяд для школьнікаў, не адзін год паспяхова выступае на раённых і абласных этапах алімпіяды па матэматыцы. Напярэдадні ўручэння стыпендый, напрыклад, даведаўся, што стаў прызёрам трэцяга абласного этапу рэспубліканскай алімпіяды. Адной з першых з новай перамогай яго павіншавала мама, якая разам з тым рыхтуе яго да алімпіяд як педагог.

Арганізатарамі ўрачыстага мерапрыемства сумесна з Гродзенскiм абласным аддзяленнем Беларускага фонду міру выступіла таксама галоўнае ўпраўленне адукацыі аблвыканкама. Павіншавала стыпендыятаў першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення адукацыі аблвыканкама Галіна Курганская і выказала ўпэўненасць у тым, што кожны з іх здолее знайсці сябе на малой радзіме.