Гармонік і скрыпка, песні ў выкананні вядомых беларускіх спевакоў гучалі ў клубе дзіцячага рэабілітацыйна-аздараўленчага цэнтра «Лясная паляна».
На адной сцэне выступілі масцітыя артысты і зусім юныя таленты з ліку тых, хто цяпер тут адпачывае.
39 год запар крочыць па Беларусі сацыяльна-творчая праграма, якая раней мела назву «Чарнобыльскі шлях – дарога жыцця па роднай зямлі», а цяпер называецца «У будучае – з надзеяй». Гэтым разам менавіта са Смаргоншчыны стартаваў праект, арганізатарамі якога традыцыйна выступілі Дэпартамент па ядзернай і радыяцыйнай бяспецы МНС, Міністэрства культуры РБ і Беларускі фонд міру.
Такія сустрэчы ў ДРАЦ «Лясная паляна» ладзяцца пастаянна. Упершыню беларускія «зоркі» сюды прыехалі ў 1996 годзе, калі цэнтр толькі распачынаў работу. З таго часу штогод тут адбываюцца такія імпрэзы. Ганаровым госцем і душой праекта стала Кацярына Копелева, якая шмат гадоў была мастацкім кіраўніком праграмы «У будучыню — з надзеяй».
Спачатку на сцэну выйшлі выхаванцы цэнтра. Яны танцавалі, спявалі, дэкламавалі вершы. Журы, у склад якога ўвайшлі госці са сталіцы, высока ацаніла выступленне юных артыстаў. На памяць выступоўцы атрымалі дыпломы і сувеніры ад Беларускага фонду міру.
Свае музычныя падарункі прадставілі і госці: заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь фальклорная група «Купалінка», заслужаны артыст Рэспублікі Беларусі Уладзімір Радзівілаў, уладальнік прэміі «Шансон года 2024» Васіль Сушко, кампазітар і спявак, аўтар вядомай «Чаркі на пасашок» Аляксандр Балотнік, спявачка і вядучая Влада, спявачка Анастасія Саляная, а таксама папулярныя сярод падлеткаў і моладзі блогеры Miletta і Maxi Musaev.
— Асноўная місія нашага праекта – выявіць і падтрымаць творчых дзяцей, якія пражываюць на тэрыторыях, што пацярпелі ад наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Пачуць юныя таленты, ацаніць, даць параду. Раней сюды прыязджалі кампазітары Ігар Лучанок і Эдуард Ханок, Ядвіга Паплаўская і Аляксандр Ціхановіч… Прыемна адчуваць, што мы, маладое пакаленне, працягваем справу сваіх легендарных папярэднікаў», – адзначыла спявачка Влада, якая з мінулага года стала мастацкім кіраўніком сацыяльна-творчай праграмы «У будучыню – з надзеяй».
Уладзімір Радзівілаў, галоўны беларускі Дзед Мароз, зазначыў:
— На працягу многіх гадоў я ўдзельнічаю ў гэтым цудоўным праекце. Дзеці і моладзь – самае дарагое для нас, бо яны – наша будучае. Прымаючы ўдзел у такіх імпрэзах, я стаўлю для сябе высокую мэту – выхоўваць у маладым пакаленні патрыятызм. Мы жывём у цудоўнай дзяржаве, дзе для развіцця здольнасцей падрастаючага пакалення ёсць усё! Для мяне вялікае шчасце, што на такіх імпрэзах магу зрабіць свой унёсак у творчае развіццё дзяцей.
Адначасова з канцэртам у «Лясной паляне» праходзілі заняткі пад кіраўніцтвам мастака Нацыянальнага цэнтра сучаснага мастацтва Руслана Сяргеева.
— Мы шукаем дзяцей не толькі з артыстычнымі здольнасцямі, але і юных мастакоў. На наступны год, у 40 гадавіну аварыі на Чарнобыльскай АЭС, мы абавязкова зладзім у Нацыянальным цэнтры сучаснага мастацтва выставу дзіцячых работ, — удакладніла Кацярына Копелева. – А сёлета ў межах праграмы ў нас запланавана 29 канцэртаў, мы пабываем у розных месцах (у аграгарадках, рэабілітацыйных цэнтрах і г.д.) Беларусі, сустрэнемся з людзьмі, якія пацярпелі ад наступстваў ЧАЭС. Мы з радасцю будзем і далей падтрымліваць юныя таленты і верым, што праз некалькі гадоў абавязкова сустрэнемся з імі на вялікіх сцэнах.
— Цяпер у нас адпачываюць дзеці з розных куткоў Беларусі. Усяго – 470 чалавек, у тым ліку 356 – якія аздараўляюцца па чарнобыльскай праграме, — удакладняе дырэктар ДРАЦ «Лясная паляна» Анатоль Хомбак. – Акрамя рэабілітацыі і аздараўлення, стараемся прапанаваць ім цікавую забаўляльную праграму. Калі да нас прыязджаюць удзельнікі праграмы «У будучае – з надзеяй» – гэта заўсёды свята».