image/svg+xml
Белорусский фонд мира Belarusian fund of peace
27.12.2023 / Администратор

У Карэлічах прайшло ўрачыстае адкрыццё дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці”

Павіншаваць юных карэліччан прыйшлі начальнік аддзела адукацыі Карэліцкага райвыканкама, старшыня РА ГА “Беларускі фонд міру” Ірына Асташэвіч і намеснік старшыні Карэліцкага райвыканкама старшыня РА Беларускай партыі “Белая Русь” Яўген Чычкан.

— Паважаныя дзеці! Шчыра віншую ўсіх з пачаткам цудоўнай штогадовай акцыі “Нашы дзеці”. Сённяшні дзень з’яўляецца стартам марафону добрых спраў, калі ўсе арганізацыі будуць віншаваць вас, дарагія дзеці, дарыць вам і вашым аднагодкам падарункі. Я ўпэўнены, што мы, дарослыя, зробім усё магчымае, каб надыходзячыя дні сталі для вас сапраўды святочнымі, і спадзяюся, што жаданні, якія вы напісалі ў лісце Дзядулі Марозу, збыліся, — павіншаваў удзельнікаў свята Яўген Чычкан.

— Акцыя “Нашы дзеці” прысвечана вам, паважаныя дзеці, — звярнулася да прысутных Ірына Асташэвіч. — У кожнай установе адукацыі раёна адбудуцца святочныя мерапрыемствы, прысвечаныя Новаму году і Калядам. На Карэліччыне кожны вучань пачатковых класаў атрымае ад Карэліцкага райвыканкама салодкі падарунак. Сёлета такія сюрпрызы атрымаюць 712 дзетак. Я віншую вас з надыходзячымі святамі, хачу, каб вы правялі іх весела. Жадаю, каб Дзядуля Мароз выканаў усе вашы жаданні.

На свята да маленькіх карэліччан завіталі казачныя персанажы — Адзінарожка і Навагодняя Цацка, разам з якімі дзеткі танчылі пад вясёлую музыку, а затым  паклікалі галоўных герояў усіх навагодніх казак — Снягурку і Дзядулю Мароза.

Прыемным сюрпрызам для рабят сталі Вясёлы Зайчык і Чабурашка, да якіх усе адразу кінуліся з абдымкамі.

Па матэрыялах рэгіянальных СМІ