image/svg+xml
Белорусский фонд мира Belarusian fund of peace
03.06.2021 / Администратор

Віншаванні для нашых ветэранаў!

Усе мы – пасажыры аднаго поезда, назва якога – жыццё. Так сцвярджае 95-гадовы юбіляр-ветэран Вялікай Айчыннай вайны Казімір Іванавіч Заблоцкі.

Час ідзе, а Казімір Іванавіч не змяняецца – такі ж адкрыты, нешматслоўны і не па гадах рухавы. Васямнаццаць юнаку споўнілася акурат у год вызвалення роднай Беларусі. У снежні Казіміра прызвалі ў войска. Пагрузілі групу мясцовых хлопцаў у вагон на станцыі Солы і павезлі ў Беласток.

Са снайперскай вінтоўкай прайшоў стралок 35-га пяхотнага палка 7-й дывізіі Войска польскага ад Познані да Асвенціма. Мерз і галадаў з таварышамі ў зямлянках, прабіраўся наперад балотамі. Падчас Усходне-Прускай аперацыі прымаў удзел у фарсіраванні Одэра і Нейсе, штурмаваў Кёнігсберг. У апошнія красавіцкія дні варожая куля дагнала і Казіміра Іванавіча. Пашчасціла салдату, што яго падабралі танкісты і давезлі да бліжэйшага шпіталя. Толькі цудам байцу ўдалося выжыць.

Пасля вяртання дамоў Казімір Іванавіч пабраўся шлюбам з мясцовай дзяўчынай Ганнай. Разам з жонкай выгадаваў чатырох дзяцей: Станіславу, Галіну, Івана і Віктара. Працаваў з Ганнай у мясцовым калгасе. Быў і паляводам, і трактарыстам, і падвозчыкам на ферме. Удваіх даглядалі яны на ферме ў Погірах больш за сто галоў цялят.

Зараз скрашвае адзіноту ветэрана дачка Галіна, якая на непрацяглы час прыехала праведаць бацьку з Вільнюса. Заўсёды побач у хатніх справах сацыяльны работнік, які на працягу многіх гадоў дапамагае ветэрану.

У дзень юбілею Казімір Іванавіч крыху хваляваўся – столькі людзей прыехала да яго ў госці! Утульная і светлая хата ветэрана адразу напоўнілася гаманой і песнямі. З дзевяностапяцігоддзем павіншавалі шаноўнага юбіляра міратворцы Беларускага фонду міру, а таксама прадстаўнікі раёну і грамадскіх аб’яднанняў разам з групай валанцёраў, якія зладзілі для ветэрана цэлы канцэрт. Падарунак і найлепшыя пажаданні перадала юбіляру старшыня раённай арганізацыі Беларускага фонду міру Тамара Суравец.

За святочным сталом віншаванні прадоўжыліся. Здавалася, Казімір Іванавіч скінуў са сваіх натруджаных плячэй некалькі дзясяткаў год і забыўся пра страшныя падзеі, якія выпалі на яго долю. І толькі вочы, глыбокія і ясныя, гаварылі аб тым, што вайна не знікла бясследна. Для ветэрана-франтавіка яна заўсёды на адлегласці дыхання. Яна няпрошана ўрываецца ў яго сны і ніколі не адпускае.