У Шчучыне адбылася прыгожая ўрачыстасць з нагоды Дня народнага адзінства.
Урачыстасць сабрала ў раённым цэнтры культуры і народнай творчасці людзей розных прафесій і пакаленняў: ветэранаў працы і моладзь, прадстаўнікоў працоўных калектываў раёна і актывістаў грамадскіх арганізацый. Перад пачаткам сходу можна было пазнаёміцца з кніжнай выставай Шчучынскай раённай бібліятэкі імя Цёткі “Беларусь – радзіма адзінства”, зрабіць здымак на памяць каля фотазон.
Інавацыйным момантам свята стала абвяшчэнне навіны, што сёння, у Дзень міру, які таксама мы адзначаем 17 верасня, нашай СШ №1 г. Шчучына прысвоены статус “Школы міру”.
Як патлумачыў старшыня Гродзенскага абласнога аддзялення “Беларускі фонд міру” Іван Калбаска, у межах праекта “Сеціва Школ міру ў Рэспубліцы Беларусь” на Гродзеншчыне гэта ўжо 16-я ўстанова адукацыі, якая набыла такі ганаровы статус. Пад гучныя апладысменты Іван Васільевіч з задавальненнем уручыў пасведчанне “Школы міру” вучням і намесніку дырэктара СШ №1 г. Шчучына Вользе Налівайка.
Свята народнага адзінства па-сапраўднаму ўпрыгожылі канцэртныя нумары салістаў аркестра Гродзенскай пагранічнай групы, выступленні артыстаў Шчучынскага РЦКіНТ, юных выхаванцаў дзіцячай школы мастацтваў. Кожны з удзельнікаў гэтай імпрэзы адчуваў гонар за слаўную гісторыю сваёй суверэннай краіны, сваіх землякоў, росквіт талентаў дзяцей і дарослых. Няхай жа адзінства і ўзаемаразуменне заўсёды будуць асновай нашага грамадства.
— Мы – будучае краіны. Мы – адзіны народ. Усе разам мы і ёсць наша любая Беларусь, — сцвярджаюць тыя, за кім наш заўтрашні дзень.