image/svg+xml
Белорусский фонд мира Belarusian fund of peace
10.10.2017 / Администратор

«Разам за мір»

Традыцыйна 21 верасня Арганізацыя Аб’яднаных Нацый заклікае адмовіцца ад ваенных дзеянняў і скласці зброю, так па ўсёй планеце праходзіць Міжнародны дзень міру.

Беларусь штогод адзначае Дзень міру і гэты год не стаў выключэннем. Ва ўсіх гарадах краіны прайшлі тэматычныя мерапрыемствы, лекцыі, фільмы. 19 верасня на пляцоўцы каля стэлы “Мінск – горад-герой” быў святочны мітынг, які сабраў мноства валанцёраў і школьнікаў з розных гарадоў Беларусі, ветэранаў, а таксама дыпламатаў, кіраўнікоў чатырох галоўных канфесій і актывістаў Беларускага фонду міру. Сярод ганаровых гасцей прысутнічалі пастаянны прадстаўнік ПРААН у Беларусі Санака Самарасiнха, віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца Франчэска Рока. Усе яны паўдзельнічалі ва ўскладанні кветак да манумента і тым самым адкрылі гэта значнае мерапрыемства.

Святочны мітынг праходзіў пад дэвізам “Разам на карысць міру”, у гэтым годзе акцэнт быў зроблены менавіта на дзіцячым міратворчасці. Таму выступоўцы звярталіся непасрэдна да школьнікаў, якія прыехалі з розных куткоў краіны. Слоў пра важнасць мірнага часу было сказана вельмі шмат, нават завяршылася мерапрыемства тым, што дзеці выпусцілі ў неба дзясяткі белых галубоў — міжнародны сімвал міру.

Затым у будынку музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны адбылася прэзентацыя кнігі “Дзеці за мір”. У яе ўвайшлі лепшыя творы беларускіх школьнікаў, якія ўдзельнічалі ў конкурсе “Шчасце жыць у мірнай краіне». Ён праводзіўся Беларускім фондам міру сумесна з Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь і быў прымеркаваны да 70-годдзя Вялікай Перамогі і 55-годдзю Фонду. Кніга не будзе прадавацца ў крамах, яе, як падарунак, можна будзе атрымаць на розных міратворчых конкурсах і мерапрыемствах. Таксама яе атрымаюць дзеці, якія пісалі сачыненні. У гэтым і будзе яе разыначка, эксклюзіўнасць.
Пасля прэзентацыі дзецям правялі бясплатную экскурсію па музеі. Вось так і завяршыўся Дзень міру ў сталіцы Рэспублікі Беларусь.

Ганна Сініцкая,
студэнтка 3 курса Інстытута журналістыкі БДУ