Двое байцоў Вялікай Айчыннай урачыста перазахаваны на Пасецкіх могілках у Старадарожскім раёне з дапамогай Беларускага фонду.
Даніну памяці і пашаны дваім героям сорак першага аддалі старшыня Старадарожскага раеннага аддзялення Беларускага фонду міру Дзмітрый Давыдаў, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Алег Белаконеў, прадстаўнікі райвыканкама і грамадскіх арганізацый Старадарожчыны, Слуцкага ваеннага камісарыята, 8 брыгады радыяцыйнай, хімічнай і біялагічнай абароны, члены пошукавага атрада імя В.З. Каржа пры рэспубліканскім Савеце ветэранаў.
Доўгія дні карпатлівага вывучэння ваенных карт і дакументаў, абследавання мясцін баёў, пошукавых работ — і вынік: яшчэ двое невядомых байцоў 121-й стралковай дывізіі падняты і ўрачыста перазахаваны на Пасецкіх могілках. Не кропка — шматкроп’е ў той вялікай рабоце, якую вядзе пошукавы атрад імя В.З. Каржа пры рэспубліканскім Савеце ветэранаў пры падтрымцы Слуцкага ваеннага камісарыята і адміністрацыі Старадарожскага раёна. Наперадзе — яшчэ вельмі вялікая праца. Бо іх тут шмат — гераічна загінуўшых у лясах Старадарожчыны воінаў 121-й стралковай і іншых частак, якія першымі прынялі на сябе ўдар фашысцкіх войскаў і апошнімі адыходзілі з баявых рубяжоў. Толькі смерць спыніла іх няроўны бой з ворагам і прымусіла скласці зброю. Яны засталіся ляжаць у нашых лясах, укрытыя тутэйшым залацістым пясочкам і мяккім мохам. На іх паднімаюцца гонкія сосны, выспяваюць суніцы, растуць грыбы, і час ад часу зямля вяртае нам іх аднаго за адным, нагадваючы: вайна не закончылася, пакуль не пахаваны апошні салдат.
Яшчэ дваім аддалі пашану на мінулым тыдні, напярэдадні вялікага свята. Імёны загінуўшых байцоў выявіць не ўдалося, але мы змаглі ўшанаваць іх памяць, даць годны апошні прытулак, пахаваць па хрысціянскім звычаі — і гэта нямала.
Няма, бадай, на Беларусі сем’яў, якія ў вайну не хавалі бы, не аплаквалі, не страчвалі…
Аб памяці і ўдзячнасці за мір і свабоду, аб подзвігу вядомых і невядомых салдатаў Айчыннай гаварылі над магіламі герояў дэпутат Алег Белаконеў. Старшыня Старадарожскага раеннага аддзялення Беларускага фонду міру Дзмітрый Давыдаў у сваім выступленні адзначыў:
— Прайшло 75 год з той пары як скончылася самая крывавая ў гісторыў чалавецтва вайна. Рэха той вайны з болем адклікаецца ў нашых сэрцах. Нават праз дзясяцігоддзі наша шматпакутная зямля працягвае берагчы ў сваіх нетрах воінаў , пахаваных не па хрысціянскіх звычаях. Па ўсей бачнасці, гэта воіны 121 стралковай дывізіі, менавіта на гэтай зямлі з 6 па 12 жніўня 1941 года дывізія вяла жорсткія баі ў шчыльным акружэнні фашысцкіх войскаў. На жаль , мы не ведаем іменаў гэтых салдатаў, але для нас яны заўседы будуць вялікімі салдатамі вялікай Перамогі.”
Знакі воінскай пашаны загінуўшым аддалі ваеннаслужачыя 8 РХБА, якія неслі ля чырвоных трунаў варту памяці. Рэхам у цішыні вясковых могілак прагучаў збройны салют…
Вечная, светлая, святая памяць усім, хто не вярнуўся з яе крывавых палёў!