image/svg+xml
Белорусский фонд мира Belarusian fund of peace
28.06.2023 / Администратор

На іх магіле партызан атрада імя Суворава з’явіўся помнік ад Фонду міру.

Да ахвяр Вялікай Айчыннай вайны адносяцца і два партызаны атрада імя Суворава брыгады імя Варашылава, якія загінулі ў 1943 годзе ад рук фашыстаў і пахаваны на могільніку ў в. Канстанцінава Слабадскога сельсавета.

Незадоўга да сумнай даты, якая штогод адзначаецца 22 чэрвеня, на іх магіле з’явіўся помнік. Ён устаноўлены на сродкі раённай арганізацыі Беларускага фонду міру.

Больш падрабязна пра партызан Станіслава Георгіевіча Дамарацкага і Аляксандра Гаўрылавіча Дубава расказала жыхарка в. Зыкава Данута Эдмундаўна Каралёнак, якая з пачатку 1960-х гадоў апякуецца над іх магілай.

— Я родам з Глыбоцкага раёна Віцебскай вобласці. У 1959-м выйшла ў Зыкава замуж. Пра партызан — сувязных атрада імя Суворава, якіх расстралялі фашысты — даведалася ад свайго мужа Іларыёна Іларыёнавіча, — апавядае жанчына. — Так з маладосці і даглядаю іх магілу, якую мне Іларыён і паказаў.

— А што расказваў вам муж?

— У лесе непадалёку ад Жуціна стаялі партызаны. Пра гэта напаміналі і бліндажы, якія ў пасляваенны час там знаходзіліся. Дык вось, па даручэнні партызан Станіслаў Дамарацкі, які быў з суседняга Жуціна, і Аляксандр Дубаў ехалі на кані ў Каліты. Па дарозе ў Канстанцінаве іх перанялі немцы. Забілі Дубава, каня, а цяжка параненага Дамарацкага, як потым высветлілася, забраў да сябе Іосіф Маляўка. У яго хаце ён і паміраў. Сам Дамарацкі паходзіў з заможнай сям’і. Яна выехала ў Польшчу. У іх быў свой фальварак, які ворагі падпалілі. Іосіф Якаўлевіч неаднойчы расказваў, што Дамарацкі перад смерцю з болем гаварыў, звяртаючыся да яго: “Пан Маляўка, як цяжка паміраць, калі ведаеш, што твой дом гарыць…” Немцы загадалі расстраляных партызан разам з канём закапаць. Людзі ў Канстанцінаве жылі пабожныя, і яны вырашылі, як і належыць, пахаваць партызанскіх сувязных на вясковым могільніку — у самым беражку яго, а побач з магілай пасадзілі бярозку.

— Дык вы ўсе гады і шэфствуеце над месцам іх пахавання?

— Так. Мне ж няцяжка. Нельга ж, каб дзірваном пакрывалася месца, дзе знайшлі спачын загінуўшыя. Іду на магілкі да сваіх памерлых — сваякоў Іларыёна, яго самога (мужа няма ўжо 32 гады. — Аўт.), заадно і хлопцаў праведваю. Яны ж для мяне даўно сваімі сталі. І парадак на працягу дзесяцігоддзяў штогод на магілках наводжу, кветкі саджу, лампадку запальваю і запісачку на Усе святыя (я ж каталічка) у касцёл падаю. А калі прыходжу праведаць, малітву пастаянна чытаю. Пераканана, што душам спачылых гэта вельмі патрэбна.

— А да таго, як помнік паставілі, была магіла партызан як пазначана?

  — Дзесьці ў 1995-1996 гадах прыязджала з Польшчы ў Канстанцінава дачка роднай сястры Станіслава Дамарацкага. Тады невялікі жалезны крыж з таблічкай на магіле паставілі, месца пахавання пліткай абклалі. Калі пляменніца Дамарацкага даведалася ад людзей, што даглядаю магілку яе сваяка, захацела са мной сустрэцца. Памятаю, прасіла сфатаграфавацца каля бярозкі, там пасаджанай. Толькі я не пагадзілася, мне гэта не трэба.

Яшчэ пра адзін цікавы выпадак з жыцця паведала мне жанчына. У 2019 годзе з ёй дома здарыўся сардэчны прыступ. Данута Эдмундаўна некалькі гадзін праляжала на падлозе, пакуль не знайшлі суседзі. Яны ж і выклікалі хуткую дапамогу.

— Не спадзявалася ўжо, што ачуняю, настолькі было дрэнна, — апавядала мая суразмоўца. — Дык вось пасля другой кропельніцы, калі думала, што адыходжу на той свет, мне здалося, што патрапіла ў глыбокую яму, з якой не выбрацца. А можа, гэта мне прыснілася, нават не ведаю… Толькі памятаю, што да мяне наблізіліся два маладыя хлопцы, узялі пад рукі і выцягнулі наверх… Калі ж апрытомнела, зразумела, што гэта былі два мае партызаны, якія мяне і выратавалі. Так яны аддзячылі мне, што пастаянна клапацілася пра іх. Пра гэта і сястрычкам са Слабадской амбулаторыі, дзе тады лячылася, сказала. А значыць, мне яшчэ рана па­міраць. Бо хто ж тады будзе апекавацца над іх магілкай?

Данута Эдмундаўна, калі даведалася, што на месцы пахавання яе партызан устаноўлены новы помнік, вельмі захацела там пабываць. На мінулыя выхадныя, калі прыехалі ў госці дачка з мужам, жанчына папрасіла зяця адвезці яе на могільнік. А калі патрапіла, найперш памалілася за душы загінуўшых. Вядома ж, пацешылася, што памяць герояў дзякуючы добрым людзям захаваецца.

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.

Материалы газеты «Нарачанская зара»