У яе рамках прадстаўнікі Беларускага фонду міру, раённага Савета ветэранаў, Беларускага саюза афіцэраў, піянеры і члены ГА «БРСМ» сустракаюцца з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны раёна.
Набытыя за кошт арганізатараў — Беларускага фонду міру — шыльды са словамі «Тут жыве ветэран Вялікай Айчыннай вайны. Дзякуй за Перамогу!» упрыгожваюць домаўладанні былых абаронцаў краіны. Яны ўжо прымацаваны ля дамоў і кватэр у Капылі, днямі з’явіліся на сядзібах Мікалая Акімавіча Дзідэнкі і Кузьмы Савельевіча Місевіча з аграгарадка Цімкавічы, Яўгеніі Лук’янаўны Купрыянавай з в. Вялікія Прусы і Фёдара Карпавіча Голуба з в. Доўгае. Аднак прымацаваць таблічкі — толькі паўсправы, галоўная мэта ўдзельнікаў акцыі — сустрэчы з ветэранамі, гутаркі з імі. А гэтым людзям ёсць чым падзяліцца з сучаснікамі.
— Нам важныя ўспаміны жывых сведкаў, якія з’яўляюцца жыццёвым прыкладам для моладзі. Любая памяць, сустрэча з абаронцамі — гэта заклік да захавання міру на зямлі, — адзначыла старшыня раённага аддзялення грамадскага аб’яднання «Беларускі фонд міру» Людміла Камёнка. — Мы не павінны забываць жахі вайны, пакуты і смерць мільёнаў. Гэта было б злачынствам перад загінуўшымі, злачынствам перад будучыняй. Ушанаваць подзвіг — наш абавязак.
Удзельнікі акцыі сустрэліся з К.С. Місевічам
— Прыярытэтным напрамкам у рабоце з падрастаючым пакаленнем у нашай школе з’яўляецца патрыятычнае выхаванне, — дадае намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Цімкавіцкай СШ Вольга Чыгір. — На працягу года мы аказваем сваім ветэранам пасільную дапамогу ў сельгасработах, запрашаем іх на сустрэчы. З вялікім задавальненнем мы далучыліся да рэспубліканскай акцыі. Нашы актывісты — піянеры Вікторыя Пешкур, Яна Малішэўская, члены саюза моладзі Вікторыя Корбут і Дзяніс Бабеня — не змаглі застацца ўбаку ад гэтай важнай справы і прынялі ў ёй удзел.
Сяргей КОЗЕЛ. Фота аўтара