image/svg+xml
Белорусский фонд мира Belarusian fund of peace
19.05.2026 / Администратор

Будаваць мір праз памяць, малітву і любоў да Бацькаўшчыны

У Шклове пры садзеянні Фонда міру з’явіўся алтар у гонар абаронцаў Радзімы.

Напрэдадні падпісання мемарандумаў аб супрацоўніцтве паміж Беларускім фондам міру і традыцыйнымі канфесіямі Беларусі ў касцёле святых апосталаў Пятра і Паўла ў Шклове адбылася ўрачыстая цырымонія асвячэння мемарыяльнага алтара Найсвяцейшага Сэрца Езуса, прысвечанага ўраджэнцам Шклоўшчыны, якія аддалі свае жыцці ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

Гэты духоўны знак памяці створаны дзякуючы супрацоўніцтву Беларускага фонду міру і Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі.

Будова алтара прымеркавана да важнай гістарычнай даты: у 2026 годзе споўніцца 85 гадоў з пачатку Вялікай Айчыннай вайны — трагедыі, якая нанесла беларускаму народу глыбокія раны і пакінула след у памяці пакаленняў.

У цырымоніі прынялі ўдзел Першы намеснік старшыні праўлення Фонда міру Аляксандр Уладзіміравіч Чырко, Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Аляксандр Яшэўскі, які здзейсніў абрад асвячэння, старшыня Шклоўскага раённага выканаўчага камітэта Сяргей Іванавіч Барташ, галоўны спецыяліст па справах рэлігій і нацыянальнасцей галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Магілёўскага аблвыканкама Антон Мікалаевіч Лабаноўскі, духавенства Магілёўшчыны,  прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, навучэнцы Школ міру, якія актыўна дзенічаюць на Шклоўшчыне, мясцовая супольнасць і вернікі.

Прысутнасць прадстаўнікоў розных пакаленняў падкрэсліла важнасць захавання гістарычнай памяці і падтрымкі духоўных традыцый у рэгіёне.

У сваім звароце біскуп Аляксандр Яшэўскі адзначыў, што мемарыяльны алтар — гэта не толькі знак павагі да загінулых, але і месца малітвы, дзе вернікі будуць прасіць Бога аб вечным супакоі для герояў і аб міры для сучаснага свету. Ён падкрэсліў:

  • Памяць пра тых, хто аддаў жыццё за Радзіму, — гэта не толькі гісторыя. Гэта наш духоўны абавязак. Малітва за загінулых — гэта акт удзячнасці і сведчанне таго, што іх ахвяра жыве ў нашых сэрцах.

Асобна біскуп звярнуўся да моладзі, якая актыўна ўдзельнічала ў падзеі:

  • Дарагая моладзь! Вы — спадкаемцы гэтай зямлі і яе памяці. Вы адказныя за тое, каб праўда пра мінулае не згасла. Нясіце ў свет каштоўнасці міру, павагі і чалавечай годнасці. Няхай вашыя сэрцы будуць адкрытыя на дабро, каб ніколі не паўтарылася трагедыя вайны.

Аляксандр Чырко падкрэсліў, што нацыянальная міратворчая арганізацыя традыцыйна падтрымлівае праекты, накіраваныя на захаванне памяці пра герояў і ўмацаванне культуры міру.

  • Менавіта дзякуючы падтрымцы Фонда міру стварэнне мемарыяльнага алтара стала магчымым. Ён адзначыў, што мемарыяльны алтар у касцёле святых апосталаў Пятра і Паўла стане не толькі знакам павагі да загінулых, але і духоўным цэнтрам памяці, які будзе нагадваць пра каштоўнасць міру і чалавечай годнасці.Гэтае сімвалічнае месца аб’ядноўвае Касцёл, грамадскія структуры, моладзь і мясцовую супольнасць у агульнай справе захаванні памяці пра тых, хто мужна абараняў Радзіму.

Старшыня Шклоўскага райвыканкама Сяргей Барташ звярнуў увагу на тое, што з’яўленне мемарыяльнага алтара ў касцёле сведчыць пра высокую павагу да гісторыі і ролі рэлігійных супольнасцей у выхаванні патрыятызму і грамадзянскай адказнасці на гістарычнай Шклоўскай зямлі.

Пасля ўрачыстага адкрыцця алтара і мемарыяльнай дошкі ўдзельнікі ўшанавалі памяць герояў Вялікай Айчыннай вайны і ахвяраў генацыда беларусскага народа спрадвечнай традыцыяй хрысціянаў – запальваннем памінальнай свечкі для тых, хто пакінуў наш свет у надзеі на тое, што над Беларуссю заўсёды неба будзе мірным…