image/svg+xml
Белорусский фонд мира Belarusian fund of peace
07.04.2026 / Администратор

Даваць веды і вучыць міру …

Міратворцы, адданыя прафесіі, любяць дзяцей і пастаянна імкнуцца да самаўдасканалення –  такія педагогі працуюць на Магілёўшчыне. Пацвярджэнне гэтага – абласны этап рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года”.

Традыцыйна прафесійнае спаборніцтва аб’яднала сотні педагогаў. Спачатку настаўнікі праходзілі адбор у навучальных установах, пасля –  на раённым узроўні.

У завочны тур абласнога этапу падалі заяўкі 98 канкурсантаў. Яны прадстаўлялі журы вопыт педагагічнай дзейнасці і медыявізітоўку. У вочны тур па выніках прайшлі 40 педагагічных работнікаў.

Сёлета арганізатары падрыхтавалі для настаўнікаў насычаныя іспыты. Ім неабходна было правесці ўрок у незнаё­мым класе з самааналізам, прайсці псіхолага-педагагічнае тэсціраванне, даць майстар-клас і міні-ўрок на сцэне, а таксама выступіць з самапрадстаўленнем.

З прапанаванымі заданнямі канкурсанты спраўляліся выдатна. На іспытах педагогі дэманстравалі выключны прафесіяналізм, наватарскія падыходы да работы.

Прыемна было назіраць за ўрокамі ў незнаёмых класах. Настаўнікі паказвалі глыбіню валодання прадметам, выкарыстоўвалі разнастайныя адукацыйныя тэхналогіі і сродкі навучання. Яны змаглі захапіць вучняў, знайсці да іх падыход, а таксама данесці да дзяцей вучэбны матэрыял, рэалізаваць выхаваўчы патэнцыял заняткаў,

Абласное аддзяленне  Беларускага фонду міру – трывалы партнер органаў адукацыі і рэгіёна ў арганізацыі правядзенні гэтага і шэрагу іншых знакавых мерпрыемтваў, што фармуюць светапогляд асобы.

Асаблівым чынам гэта дзейнасць адлюстроўваецца ў выніках працы амаль 60 Школ міру Магілёўшчыны, што з’яўляецца сапраўднымі цэнтрамі прывіцця адказнага стаўлення да будучыня  — уласнай, свайго асяроддзя, мясцовасці, Бацькаўшчыны, свету.

Прынцыпы і светапогляд канкурсантаў пераконвалі: прафесія для іх — не толькі праца, а сапраўднае прызначэнне.

— Настаўнік сёння — майстар шмат­задачнасці. Каб якасна вучыць і выхоў­ваць, прыходзіцца прымяраць на сябе самыя розныя ролі. Быць рэжысёрам, акцёрам, сцэнарыстам вучэбнага працэсу. Што­дзень выходжу на гэтую сцэну з радасцю, бо бясконца люблю сваіх вучняў, — расказала Юлія Усцінава з сярэдняй школы № 26 Магілёва.

— Любое дзіця нараджаецца з крыламі. Галоўная мэта педагога — расправіць іх і дапамагчы вучню адправіцца ў палёт, скіраваць на правільны шлях, — лічыць Наталля Ткачэнка з Барсукоўскай базавай школы Клімавіцкага раёна.

Вольга Пазднякова з сярэдняй школы № 2 Горак параўнала кіраванне класам з яздой на аўтамабілі. Настаўніца пастаянна выкарыстоўвае на занятках тэматычныя формы, прымяненне знаёмых вобразаў.

Шматлікія выступленні наглядна паказалі: удзельнікі выконваюць сваю работу з неабыякавасцю і натхненнем. Значна, што конкурс стаў для педагогаў пляцоўкай для абмену вопытам, падарыў новыя знаёмствы і станоўчыя ўражанні.

Вельмі цікавыя прыклады, абмен думкамі, што датычыліся арганізацыі выхаваўчага працэсу, далучэння да грамадскіх ініцыятыў, праектаў Беларускага фонду міру – “Мой родны кут”, “Мір у душы – мір у краіне”, шматлікіх гуманітарных актыўнасцяў у рамкахдзейнасці Школ міру дазволілі ўдзельнікам конкурсу збудаваць для сябе новыя далягляды.

Фінішную рысу конкурсу падводзі­лі на дыялогавай пляцоўцы.

— Магілёўскія педагогі паказалі сябе ўлюбёнымі ў сваю прафесію людзьмі. Яны не проста даюць веды, а вучаць дзяцей беражліва захоўваць нацыянальную культуру і традыцыі, прывіваюць ім асноўныя каштоўнасці беларускага народа, з’яўляюцца прыкладам для моладзі, — адзначыў намеснік міністра адукацыі Уладзімір Далжанкоў.

У ходзе размовы разважалі і аб тым, якім павінен быць настаўнік года. Акрамя прафесіяналізму, гэты чалавек павінен валодаць высокімі маральнымі якасцямі. Гэта таксама пат­рыёт, міратворац і гуманіст, які кожным сваім урокам, выступленнем ці словам абавязаны дэманстраваць любоў да роднай краіны і разуменне адказнасці за яе будучыню.

З такім лейтматывам выходзілі на сцэну актавай залы ўдзельнікі для ўзнагароджання і ўшанавання вынікаў іх тыднёвай працы.

Сярод ўзнагароджаных і настаўніца беларускай мовы і літаратуры Вяйнянскай сярэдняй школы Магілёўскага раёна Алена Кавалёва. Узнагароду ёй уручыў старшыня праўлення Магілёўскага абласнога аддзялення Беларускага фонду міру А.Нікіцін, бо Беларусь  — мірная краіна, беларусы – мірныя людзі, што размаўляюць на мове міру.