image/svg+xml
Белорусский фонд мира Belarusian fund of peace
06.08.2017 / Администратор

Дзеля ўмацавання міру

На справаздачна-выбарным сходзе раённага аддзялення грамадскага аб’яднання “Беларускі фонд міру” былі падведзены вынікі работы за пяць гадоў і вызначаны задачы на бліжэйшы перыяд і перспектыву.

У сходзе прынялі ўдзел старшыня ГА “Беларускі фонд міру” Максім Місько, яго намеснік Аляксандр Чырко, начальнік аддзела па каардынацыі ідэалагічнай работы і маладзёжнай палітыкі галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Магілёўскага аблвыканкама Алег Корапаў, старшыня Магілёўскага абласнога аддзялення ГА “Беларускі фонд міру” Валянціна Мельнікава, старшыня раённага Савета дэпутатаў Галіна Слабоднікава, намеснік старшыні райвыканкама Таццяна Бяляўская, старшыня раённага каардынацыйнага савета грамадскіх арганізацый і палітычных партый, старшыня раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” Васіль Маркевіч, актывісты раённай арганізацыі Беларускага фонду міру, намеснікі кіраўнікоў арганізацый раёна па ідэалагічнай рабоце.

Пачынаючы справа­здачны даклад, старшыня раённага аддзялення ГА “Беларускі фонд міру” Вольга Гаршкова зрабіла акцэнт на тым, што сёння ніхто не можа быць безудзельным да праблемы захавання міру: кожны чалавек павінен разумець, што ён у адказе за спакой і працвітанне роднага краю, за тое, каб не было войнаў, не пралівалася кроў нявінных людзей.

Умацаванне міру, дружбы, узаемаразумення і згоды паміж людзьмі і народамі, прапаганда і ўвасабленне ў жыццё ідэй міласэрнасці і гуманізму з’яўляюцца асноўнымі мэтамі ў дзейнасці Беларускага фонду міру. Летась споўнілася 55 год з дня яго ўтварэння.

Сваю лепту ў справу ўмацавання міру ўносіць раённая арганізацыя гэтага грамадскага аб’яднання, яе актывісты, жыхары Кіраўшчыны.

Як адзначыла Вольга Гаршкова, праўленнем арганізацыі разглядаліся пытанні ўдасканалення дзейнасці па ўвекавечанні памяці абаронцаў Айчыны, ахвяр войн, рэканструкцыі помнікаў, абеліскаў, мемарыяльных дошак, а таксама ваенна­патрыятычнага і маральнага выхавання моладзі, мабілізацыі намаганняў на міратворчую, дабрачынную, гуманітарную, іншую дзейнасць.

За справаздачны перыяд у Беларускі фонд міру ад раёна паступіла добраахвотных ахвяраванняў на суму 26759,849 рублёў. Найбольш значны ўклад унеслі калектывы цэнтральнай раённай бальніцы, аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, ААТ “Рассвет імя К.П.Арлоўскага”, Жыліцкага сельгаскаледжа, ліцэя №15.

Было асабліва падкрэслена, што актывісты раённай арганізацыі Беларускага фонду міру актыўна ўдзельнічаюць у грамадска­палітычным жыцці раёна, вобласці, рэспублікі, адгукаючыся на важныя дзяржаўныя падзеі, акцыі, святы.

У цэнтры ўвагі міратворцаў раёна — рэалізацыя 7 праграм: “Памяць”, “Клопат”, “Падтрымка таленавітай моладзі”, “За здаровы лад жыцця”, “Падтрымка дзіцячых праграм”, “Мая Радзіма — Беларусь”, “Народная дыпламатыя” і іншых сацыяльна значных акцый і праектаў для розных катэгорый грамадзян, сем’яў і дзяцей.

Прыярытэтнай у дзейнасці арганізацыі з’яўляецца праграма “Памяць”. Сумесна з мясцовымі органамі ўлады, адзначыла дакладчык, працягваецца работа па рамонце і добраўпарадкаванні помнікаў, воінскіх пахаванняў, памятных мясцін. Так, пэўныя грашовыя сродкі былі накіраваны на рамонт мемарыялу “Памяці спаленых вёсак Магілёўскай вобласці” ў в.Боркі, помніка воінам, загінуўшым у гады Вялікай Айчыннай вайны, і выраб таблічак з імёнамі 4­х лётчыкаў, пахаваных у брацкай магіле ў аг.Баравіца, выраб помніка на магіле ветэрана вайны В.І.Дамарацкай, таблічак у межах рэспубліканскай акцыі Тут жыве ветэран ВАВ і інш.

З мэтай стварэння камфортных умоў у палаты для ветэранаў райбальніцы сумесна з раённай арганізацыяй РГА “Белая Русь” былі набыты тэлевізары, халадзільнікі.

Рознапланавыя мерапрыемствы праводзяцца ў раёне ў межах Тыдня міру. Ушаноўваюцца сем’і, у якіх 2 верасня, у Міжнародны дзень міру, нараджаюцца дзеці, ім уручаюцца пасведчанні “Дзіця міру” і матэрыяльная дапамога.

Вольга Гаршкова расказала аб асноўных мерапрыемствах па рэалізацыі ўказаных праграм, напрамках укладання грашовых сродкаў. Так, напрыклад, падтрымка таленавітай моладзі, дзіцячых праграм ажыццяўляецца праз удзел у конкурсах “Міс Кіраўчанка”, “Новыя імёны Беларусі”, “100 ідэй для Беларусі”, “Уладар сяла”, заахвочванне выпускнікоў, дасягнуўшых высокіх вынікаў у навучальнай, грамадскай і спартыўнай дзейнасці і інш.

Як падкрэсліла дакладчык, створана сістэма ўзаемадзеяння праўлення раённага аддзялення Беларускага фонду міру з кіраўнікамі прадпрыемстваў, арганізацый, устаноў, іх намеснікамі па ідэалагічнай рабоце — гэта прыносіць свой плён.

Дапоўнілі справаздачу члены праулення, актывісты: начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Наталля Траццякова, галоўны ўрач цэнтральнай раённай бальніцы Алена Круцько, загадчык аддзялення тэрміновага сацыяльнага абслугоўвання РЦСАН Таццяна Дашкевіч, першы сакратар ГА “БРСМ” Алена Осіпава, старшыня Стайкаўскага сельскага Савета дэпутатаў Міхаіл Фрэйберг, галоўны рэдактар раённай газеты “Кіравец” Наталля Хадакова.

Станоўчы водгук атрымала работа раённага аддзялення з боку старшыні Магілёўскага абласнога аддзялення ГА “Беларускі фонд міру” Валянціны Мельнікавай. Менавіта сістэмны падыход па рэалізацыі ўсіх праграм падкрэсліла яна і адзначыла тое, што праўленне раённага аддзялення на чале з яго кіраўніком здолела згуртаваць людзей нераўнадушных, дзейных, з актыўнай жыццёвай пазіцыяй. Таму адчувальныя і вынікі іх дзейнасці.

Шчыра падзякаваў членам праўлення, актывістам Беларускага фонду міру, міратворцам раёна старшыня ГА “Беларускі фонд міру” Максім Місько за праводзімую бескарыслівую, значную работу. Гэта вельмі адказна і ганарова, адзначыў ён, улічваючы тое, якія задачы вырашае грамадскае аб’яднанне.

Як падкрэсліў Максім Місько, у Беларусі фонд міру — сапраўдная сіла. Наша рэспубліка — адзіная краіна, захаваўшая такую вялікую структуру, дзейнасць якой прыкметная, патрэбная і атрымала высокую ацэнку на ўзроўні кіраўніцтва дзяржавы. І надалей Беларускі фонд міру будзе верна служыць на карысць сваёй Айчыны, удзельнічаць у рэалізацыі міратворчых ініцыятыў.

Ганаровыя граматы ГА “Беларускі фонд міру” былі ўручаны старшыні праўлення раённага аддзялення ГА “Беларускі фонд міру” Вользе Гаршковай, старшыні раённага Савета дэпутатаў, намесніку старшыні праўлення Галіне Слабоднікавай, намесніку старшыні райвыканкама Таццяне Бяляўскай.

Падзячныя пісьмы і грашовыя прэміі раённага аддзялення атрымалі члены праўлення, актывісты Беларускага фонду міру.

Па выніках справаздачна­выбарнага сходу была прынята пастанова.

Адбыліся выбары праўлення ў колькасці 7 чалавек. Яго старшынёй абрана Вольга Гаршкова, намеснікам — Таццяна Бяляўская. Былі таксама абраны дэлегаты на абласную канферэнцыю.

Удзельнікі сходу, госці перад яго пачаткам мелі магчымасць паглядзець відэафільм пра дзейнасць абласнога аддзялення Беларускага фонду міру, пазнаёміцца з выставачнай кампазіцыяй, падрыхтаванай цэнтральнай бібліятэкай, а таксама выставамі дзіцячай творчасці. Напрыканцы сходу сіламі культработнікаў і школьнікаў быў паказаны тэматычны канцэрт.

Дзеля ўмацавання міру 4 Дзеля ўмацавання міру 3 Дзеля ўмацавання міру 5 Дзеля ўмацавання міру 1 Дзеля ўмацавання міру 2

Наталля ХАДАКОВА