image/svg+xml
Белорусский фонд мира Belarusian fund of peace
19.01.2024 / Администратор

Фонд міру – адзін з арганізатараў фестывалю «Калядная зорка»

У Магілёўскім раёне, у аграгарадку Вейна, адбыўся юбілейны дзесяты фестываль «Калядная зорка».

На свята па традыцыі сабраліся педагогі і кіраўнікі навучальных устаноў, царкоўнаслужыцелі, прадстаўнікі дэпутацкага корпуса, грамадскіх арганізацый.

Другі год запар у фестывалі ўдзельнічаюць і госці з Расіі, якія прадстаўляюць Прыазёрскі раён Ленінградскай вобласці.

За гады правядзення фестывалю яго прымалі розныя населеныя пункты. І кожны раз ён пачынаўся з богаслужэння ў храме. Не стаў выключэннем і бягучы год.

Архіепіскап Магілёўскі і Мсціслаўскі Сафроній у саслужэнні благачыннга цэркваў Магілёўскай раённай акругі протаіерэя Мікалая Астапчука правёў святочны малебен у царкве Пакрова Прасвятой Багародзіцы.

Прасякнуўшыся духам рэлігійнага дзейства ў храме — аб’екце гісторыка-культурнай спадчыны, удзельнікі мерапрыемства адправіліся ў сельскі Дом культуры — там усіх прысутных чакала мастацка-музычная праграма, кожны нумар якой быў прасякнуты духам светлага свята Раства.

Творчым нумарам папярэднічалі выступленні арганізатараў і ганаровых гасцей юбілейнага фестывалю. Старшыня Каардынацыйнай рады грамадскіх аб’яднанняў і палітычных партый Магілёўскай вобласці, старшыня праўлення абласнога аддзялення грамадскага аб’яднання «Беларускі фонд міру» Андрэй Нікіцін і начальнік аддзела па адукацыі Магілёўскага райвыканкама, старшыня раённай арганізацыі Беларускага фонду міру Наталля Колас павіншавалі прысутных са светлым святам Раства, адзначыўшы, што фестываль, які праводзіцца ў дзесяты раз, стаў сапраўдным упрыгожаннем грамадскага жыцця Магілёўскага раёна.

Удзельнікі фестывалю прадэманстравалі выдатныя выканальніцкія даныя, харэаграфічныя навыкі, музычнасць, артыстызм, глыбіню і духоўнасць. Сярод тых, хто выходзіў на сцэну, былі і навічкі (напрыклад, танцавальны калектыў агралесатэхнічнага каледжа, удастоены авацыі), і пастаянныя ўдзельнікі фестывалю, (напрыклад, ансамбль ветэранаў педагагічнай працы «Бабіна лета», які прадстаўляў Кадзінскую сярэднюю школу, або дуэт Алега Сёмкіна і Людмілы Елісеенка з Махаўскай сярэдняй школы).

Кожны нумар быў вельмі цёпла сустрэты гледачамі. Зрэшты, як і выступленні гасцей фестывалю — прадстаўнікоў Прыазёрскага раёна і выпускніка Усходаўскай сярэдняй школы, а цяпер святара — айца Арцемія Гатальскага.

Напрыканцы фэсту адбылося ўзнагароджанне. У прыватнасці, медалямі Беларускага фонду міру «У імя міру, дружбы і дабра» былі ўзнагароджаны арганізатары і ўдзельнікі фестывалю – Саракач  Галіна, намеснік дырэктара па выхаваўчай працы Пашкаўскай базавай школы, Кухарэнка Наталля, намеснік дырэктара па ввучэбнай працы Пашкаўскай базавай школы,  Сапожнікава Ірына, сакратар  раённай арганізацыі Беларускага фонду міру, метадыст аддзела па адукацыі Магілёўскага райвыканкама.

«Да сустрэчы ў наступным годзе» – так прагучала заключная фраза юбілейнага фестывалю «Калядная зорка». І мяркуючы па настроі і арганізатараў, і гасцей, і ўдзельнікаў можна не сумнявацца — гэты фестываль будзе жыць доўга.

У сучасным свеце, поўным супярэчнасцей і пагроз надзвычай важна захаваць мір і ўзаемапавагу паміж людзьмі і народамі. І зрабіць гэта можна, маючы духоўныя і маральныя арыенціры: «Шчаслівыя міратворцы, бо яны дзецьмі Божымі нарачоныя будуць».