Актывісты раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі фонд міра” 27 сакавіка каля памятнага знака ваенным журналістам ў гарадскім парку г. Клічава разам з прадстаўнікамі ўлады і грамадскіх арганізацый, мясцовымі журналістамі, школьнікамі, моладдзю сабраліся, каб успомніць знамянальную падзею.
Алена Ярошка, намеснік старшыні раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі фонд міра” паведаміла ўдзельнікам мерапрыемства аб важнай падзеі, якая адбылася ў гэты дзень у 1943 годзе.
Супрацоўніца раённага музея Таццяна Касцюкевіч паказала арыгіналы газеты і расказала як ажыццяўляўся яе выпуск ў лясной друкарні. Цікавыя факты прывяла Аліна Суднік, журналіст раённай газеты “Сцяг Саветаў”. Выхаванцы ДУДА “Цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі” расказалі аб чым пісалі партызанскія карэспандэнты.
У гэтыя сакавіцкія дні спаўняецца 75 гадоў з дня выхаду першага нумара абласной падпольнай газеты «За Радзiму ». 27 сакавіка 1943 г. у глухім лесе ўрочышча Цереболь друкавалася яна на партатыўным друкарскім станку, які А.А. Юшкевіч, галоўны рэдактар, прывёз з-за линіі фронту. З гэтага дня газета выходзіла ў падполлі аж да вызвалення Магілёўшчыны і злучэння партызан з савецкімі войскамі. 46 нумараў было выпушчана ў акупацыі. Газета «За Радзiму» сістэматычна змяшчала нататкі і карэспандэнцыю аб партызанскіх буднях, падрыве варожых эшалонаў, разгроме гарнізонаў. Разлічаная не толькі на партызан, але і на мірнае насельніцтва газета расказвала аб зверствах фашыстаў, заклікала людзей не паддавацца гітлераўскай прапагандзе. З 1943 па 1944 год наш зямляк Іван Паўлавіч Крыскавец, ураджэнец вёскі Бярозавыя Балота, загадваў аддзелам прапаганды і агітацыі Магілёўскага падпольнага абкама КП Беларусі і рэдагаваў абласную падпольную газету «За Радзіму». Памочнікам яго ў выпуску газеты стаў 27-гадовы кандыдат навук Дзмітрый Уладзіміравіч Юфераў. Ён прыбыў з Масквы з дэсантнай разведвальнай групай, шмат і плённа працаваў, дасканала валодаў нямецкай мовай і пісаў на ёй лістоўкі, а матэрыялы браў са сваіх гутарак з палоннымі немцамі. Глыбока і ўсебакова адукаваны, ён выдатна валодаў дарам слова і тонкім веданнем чалавечай душы. Д.У.Юфераў быў сапраўдным скарбам для для партызанскай журналістыкі. Таксама ў газеце «За Радзiма» працаваў мастак Зуся Шкляр. Ён маляваў дасціпныя карыкатуры на ворагаў і сам выразаў клішэ на адлітых з куль свінцовых пласцінках, дапамагаў набіраць газеты і лістоўкі.
Прысутныя ўсклалі кветкі да помніка і хвілінай маўчання ўшанавалі памяць тых, хто загінуў за вызваленне радзімы і хто трапным журналістскім словам вёў за сабой людзей і набліжаў Вялікую Перамогу.
Аліна СУДНІК