image/svg+xml
Белорусский фонд мира Belarusian fund of peace
27.08.2026 / Администратор

Магілёў:  Малітва аб міры

14 жніўня член праўлення Беларускага фонда міру разам з прадстаўніком Папы Рымскага Апостальскім Нунцыям арцыбіскупам Іньяцыё Чэффаліа  наведалі мемарыяльны комплекс «Лупалаўскі канцлагер» у Магілёве, дзе ўшанавалі памяць больш як 70 тысяч ахвяр, забітых падчас нямецкай акупацыі.

У складзе дэлегацыі — Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі архіепіскап Іосіф Станеўскі, член праўлення Магілёўскага абласнога аддзялення нацыянальнай міратворчай арганізацыі, Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Аляксандр Яшэўскі, а таксама   Антон Лабаноўскі, галоўны спецыяліст па справах рэлігій і нацыянальнасцей галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Магілёўскага аблвыканкама.

Лупалаўскі канцлагер, створаны ў 1941 годзе, стаў адным з найбуйнейшых месцаў масавага знішчэння людзей на ўсходзе Беларусі. Тут утрымліваліся ваеннапалонныя, мірныя жыхары Магілёва і навакольных раёнаў, а таксама людзі, прызнаныя акупацыйнымі ўладамі «непажаданымі».

Умовы ўтрымання былі надзвычай жорсткімі: недахоп ежы, холад, катаванні, прымусовая праца, эпідэміі. Штодзённа гінулі сотні людзей. Паводле даследаванняў, агульная колькасць ахвяр перавышае 70 тысяч — гэта адзін з самых трагічных паказчыкаў на тэрыторыі Беларусі.

Сёння мемарыяльны комплекс утрымліваецца пры ўдзеле сярэдняй школы № 34 горада Магілёва – школы міру, педагогі і вучні якой добраўладкоўваюць тэрыторыю, праводзяць экскурсіі і захоўваюць памяць пра падзеі, што адбыліся на гэтым месцы. Настаўнікі школы міру сустрэлі дэлегацыю і прадставілі гістарычныя матэрыялы, якія сведчаць пра маштаб трагедыі.

Пасля экскурсіі арцыбіскуп Іньяцыё Чэффаліа, Мітрапаліт Іосіф Станеўскі і біскуп Аляксандр Яшэўскі ўзнеслі малітву перад вечным агнём — сімвалам памяці, які не згасае. У малітве прагучалі словы аб усіх невінаватых ахвярах, якія аддалі жыццё за свабоду і мір на беларускай зямлі. Іерархі прасілі аб тым, каб падобныя трагедыі ніколі больш не паўтарыліся, а Беларусь і надалей заставалася краінай, якая будуе сваю будучыню на каштоўнасцях міру і чалавечай годнасці.

Асобным знакам ушанавання памяці ахвяр Лупалаўскага канцлагера стала ўсталяванне алтароў памяці ў будучым касцёле святога Антонія на праспекце Шмідта, 15 у Магілёве.

Гэты праект рэалізаваны ў рамках дамовы аб супрацоўніцтве паміж Каталіцкім касцёлам і Беларускім фондам міру, які аказаў падтрымку ў стварэнні спецыяльных мемарыяльных алтароў, прысвечаных ушанаванню памяці ахвяраў генацыда беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны і абаронцаў Айчыны. Алтары стануць пастаянным напамінам пра трагедыю, якая закранула Магілёўскую зямлю, і будуць служыць месцам малітвы, роздуму і духоўнага ўшанавання, памяці і падзякі спачылым.

Будучы касцёл святога Антонія, які ўзводзіцца на праспекце Шмідта, стане першай каталіцкай святыняй у горадзе, дзе памяць пра ахвяр Лупалаўскага канцлагера будзе захоўвацца не толькі ў грамадскім, але і ў літургічным вымярэнні.

Арцыбіскуп Іньяцыё Чэффаліа падкрэсліў, што яго прысутнасць у Магілёве — гэта знак блізкасці і салідарнасці Папы Льва XIV, які з першых дзён свайго пантыфікату заклікае міжнародную супольнасць да міру, дыялогу і павагі да чалавечага жыцця.

Ушанаванне памяці ахвяр генацыду – вязняў Лупалаўскага канцлагера і ўсталяванне алтароў памяці ў касцёле святога Антонія сталі важнымі элементамі гэтага паслання і сведчаннем падтрымкі беларускага народа ў яго імкненні да захавання спакойнай і светлай будучыні.