image/svg+xml
Белорусский фонд мира Belarusian fund of peace
06.10.2019 / Администратор

…Мая Радзіма! Тваё імя мне шэпчуць травы і лісты

Па ініцыатыве Клічаўскай раённай арганізацыі Беларускага фонду міру у мінулую суботу ў вёсцы Альхоўка адбылося ўрачыстае адкрыццё памятнага знака ўстаноўленага на малой радзіме Героя Савецкага Саюза Паўла Ананьевіча Крываноса.

Яркае сонейка, абсыпаныя золатам дрэвы, 6 карэнных жыхароў, жыватворная крыніца, вучні сярэдняй школы №1, якая носіць імя героя, актыў Клічаўскай раённай арганізацыі Беларускага фонду міру, выдатнікі культуры і народны вакальны ансамбль “Крыніца” сталі сведкамі і ўдзельнікамі па-сямейнаму цёплай і ўрачыстай падзеі.

Паўла Ананьевіча Крываноса ў Альхоўцы ведаюць, ім ганарацца, яго помняць. Таму выхадцы з вёскі таксама адклалі ўсе справы і прыехалі паўдзельнічаць у цырымонні адкрыцця памятнага знака знакамітаму земляку, каб дзецям сваім і ўнукам расказаць, ды радасную навіну перадаць. Дарэчы, устаноўлены мемарыяльны знак на сродкі раённай арганізацыі Беларускага фонду міру. Вялікую арганізацыйную работу правялі Галіна Пятроўна Данілкіна, старшыня Клічаўскай раённай арганізацыі Беларускі рэспубліканскі фонд міру”, яе намеснік Алена Пятроўна Ярошка і Аляксандр Сцяпанавіч Крыванос, старшыня Патоцкага сельвыканкама,.

Удзел у адкрыцці памятнага знака, акрамя вышэй пералічаных адказных асоб, прынялі: У. Г. Ваакс, начальнік аддзела па ідэалагічнай рабоце, культуры і па справах моладзі райвыканкама, А. І Мацюшонак, дырэктар УКП “Жылкамгас”, А. В. Акуліч, прарэктар па навуковай рабоце Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта харчавання, доктар тэхнічных навук, прафесар, заслужаны вынаходнік Рэспублікі Беларусь, а таксама пражываючыя ў вёсцы Вольга Сяргееўна і Ніна Васільеўна Крыванос, Надзея Іванаўна і Анатоль Дзмітравіч Ульянавы, Анатоль Пятровіч Заяц, Леанід Сцяпанавіч Лескавец.

Усе прысутныя з інтарэсам слухалі школьніц Валерыю Касякову і Васіліну Шамаль, якія распавялі прысутным аб лёсе і гісторыі подзвігу Героя Савецкага Саюза. З прывітальнымі словамі да прысутных звярнуліся: А. С. Крыванос, А. П. Ярошка, Ю.І. Комар, А. В. Акуліч.

Удзельнікі мерапрыемства і аднавяскоўцы паабалал дарожкі, якая вядзе да памятнага знака, асновай для якога паслужыў магутны валун, пасадзілі туі.

Асобна хочацца паведаміць гісторыю каменнага волата. З пакон вякоў, большай часткай урослы ў зямлю, ён ляжаў каля вёскі, сустракаў і праважаў путнікаў. У гады ваеннага ліхалецця жыхары вёскі вырашылі ўстанавіць на камені паклонны і абярэжны крыж. Мужчыны выдзеўбалі ў ім адтуліну, потым змайстравалі і ўстанавілі крыж, а жанчыны ўпрыгожылі яго вышытым агульнымі стараннямі за адну ноч ручніком. А потым, калі праважалі сыноў і мужоў на фронт, абавязкова падыходзілі да крыжа, маліліся, а на камені пакідалі паднашэнне Усявышняму. Цяжка нават уявіць колькі страшных аповедаў ды жаночага і дзіцячага плачу выслухаў каменны волат за гэты час. І вось цяпер, калі меліяратары з дапамогай амкадора дасталі яго з зямлі і перанеслі на выбранае месца, не вытрымаў волат, трэснуў ў аснавання, але не разваліўся, а проста даў людзям магчымасць ведаць, які груз людской болі ўвабраў і нясе. Потым камень старанна адмылі і заззяў ён чырванаватым адценнем у сонечнае надвор’е і шэраватым ў дождж.

Настаяцель Свята-Дабравешчанскай царквы протаіерэй Сергій асвяціў памятны знак і выказаў надзею, што многія тысячагоддзі ён будзе стаяць на малой радзіме Героя Савецкага Саюза Паўла Ананьевіча Крываноса і напамінаць нашчадкам аб Вялікай Айчыннай вайне, аб мужнасці вернага сына Айчыны, аб ратным подзвігу продкаў.

Работнікі раённага Дома культуры, народны вакальны ансамбль “Крыніца” выступілі з канцэртам і парадавалі прысутных сваім майстэрствам.