image/svg+xml
Белорусский фонд мира Belarusian fund of peace
27.11.2019 / Администратор

Мемарыял воінскай славы ў вёсцы Віркаў у новым абліччы

Актывісты Клічаўскай раённай арганізацыі Беларускага фонду міра прынялі ўдзел у адкрыцці новай мемарыянай пліты на мемарыяле воінскай славы ў вёсцы Віркаў.

У розных кутках Беларусі, якая страціла ў 1941-1945 гадах кожнага трэцяга жыхара, створаны сотні мемарыяльных комплексаў, устаноўлены тысячы помнікаў і манументаў, мемарыяльных дошак, прысвечаных падзеям самай трагічнай і кровапралітнай вайны на нашай шматпакутнай зямлі. Усяго ў Беларусі каля 9 тысяч помнікаў і пахаванняў прысвечаных падзеям Вялікай Айчыннай вайны. Многія з іх ўваходзяць у ваенна-гістарычныя маршруты і экскурсіі, але большасць раскіданы па гарадах і вёсках, узлесках і пагостах. Усе да адзінага помніка героям і ахвярам вайны – з’яўляюцца святым месцам ушанавання загінулых, вечным напамінам аб тым, якой цаной далася Перамога.

На цэнтральнай вуліцы Віркава – брацкая магіла, над ёй на высокім пастаменце ўзвышаюцца скульптурная кампазіцыя з дзвюх фігур. Да садата – вызваліцеля даверліва туліцца дзяўчынка. Напэўна гэта яе тата, які прыйшоў з фронту і прывёў дзіця пакланіцца загінуўшым пад час вайны землякам і не толькі ім. Яны стаяць схіліўшы галаву, а гарэза – ветрык падхапіў палу шыняля франтавіка, які адной рукой абдымае дзяўчынку, а ў другой замест зброі моцна сціскае пілотку. Гэтыя двое, нагадваюць ўсім нам, што вайна скончылася, а жалоба і памяць аб загінуўшых павінна быць вечнай…

На ўрачыстае мерапрыемства сабраліся жыхары вёскі, школьнікі, выхадцы з Віркава, ветэраны працы. Сярод ганаровых гасцей В. М. Рэбкавец, старшыня райвыканкама і яго намеснік, старшыня раённая організацыі Беларускага фонду міра Г. П. Данілкіна, старшыня раённага Савета дэпутатаў У. В. Кніга, Я. Г. Гурбо, ветэран Вялікай Айчыннай вайны, Г. Л. Сабалеўскі, настаяцель Бацэвіцкай царквы святых першавярхоўных апосталаў Пятра і Паўла, нашчадкі пахаванага ў брацкай магіле партызана 277 партызанскага атрада А. Ф. Пірожніка, актывісты раённай арганізацыі ГА “Беларускі фонд міра” i iншыя.

На небасхіле ні аблачынкі, толькі асенняе сонейка ярка азарае наваколле, ды вецер раз пораз налятае, злосна шкумятае галінкі старой бярозы, магутных вязаў — нямых сведкаў далёкіх крывавых падзей, што адбываліся тут.

Асаблівую ўрачыстасць мерапрыемтву надае ваенны каравул і духавы аркестр Асіповіцкага гарнізона. Пранікнёна і цёпла вядучыя мерапрыемства расказваюць прысутным аб значнасці падзеі, што адбываецца тут і запрашаюць Генадзя Леанардавіча Сабалеўскага, яго маці Надзею Міхайлаўну, старшыню Нясяцкага сельвыканкама Сяргея Іванавіча Пятрова адкрыць мемарыяльную дошку, а гукі фанфар ваеннага аркестра на ўсё наваколле, высока да нябёсаў разносяць радасную вестку аб увекавечванні памяці герояў Вялікай Айчыннай вайны.

Усіх прысутных вітае старшыня райвыканкама. Віктар Мікалаевіч адзначае , што ў гады вайны на клічаўскай зямлі спалена амаль 70 населеных пунктаў, не абмінула гэтая кара і Віркаў, пасля вайны тут не далічыліся 82 чалавекі. І ўсе яны, тыя, хто не вярнуліся з палёў бітваў, хто загінуў або прапаў без звестак, усе заслужылі светлую памяць. Сённяшняе мерапрыемства мы праводзім у Год малой радзімы, словы шчырай удзячнасці адрасуем Генадзю Ленардавічу Сабалеўскаму, які на ўласныя сродкі адрэстаўраваў помнік і паказаў прыклад бескарыслівай і сыноўняй любові да радзімы сваіх продкаў.

Сам Генадзь Леанардавіч быў нешматслоўным. Ён падзякаваў усім за дапамогу і добрую памяць аб загінуўшых на вайне, прачытаў напісаны ім да гэтай падзеі верш, словы з якога выбіты на мармуровай пліце, пажадаў здароўя і дабрабыту віркаўчанам і ўсім прысутным.

Святары здзейснілі заупакойнае богаслужэнне, а затым святой вадой акрапілі брацкую магілу і мемарыяльную дошку. Апошнім акордам мерапрыемства стала пасадка туй вакол помніка вызваліцелям.

Удзельнікі мерапрыемстваў наведалі мясцовыя могілкі і ўсклалі кветкі да рукатворнага кургана, які усё жыццё насыпаў франтавік Іван Іванавіч Радзько. Многія людзі лічылі яго дзіваком. Аднак, гэты курган, які ён прысвяціў сваім аднавяскоўцам, будзе стаяць вякі. Такі след пакінуў на зямлі звычайны хлебароб і ветэран вайны.

Святары асвяцілі помнік устаноўлены на магіле сям’і Лапаціных. Фёдара Лапаціна, яго жонку і дзве дачкі фашысты расстралялі ў 1944 годзе на другім беразе Беразіны ў вёсцы Вяззе, па даносе аднавяскоўца за тое, што іх сын і брат быў камандзірам Чырвонай арміі.

Актывісты Беларускага фонду міра ўскалі кветкі да помніка.

Нізкі паклон і вялікі дзякуй мінчаніну Генадзю Леанардавічу Сабалеўскаму за міласэрнасць, мецэнацтва, за урок чалавечнасці і дабрыні.