У пачатку жніўня ў Музее Славы Магілёўшчыны сабрала сяброў выстава і літаратурная гасцёўня «Вітаю цябе, шаноўны Чытач!».
Яны сталі ціхім і шчырым спатканнем з чалавекам, якога ўжо няма побач, але які застаўся ў радках сваіх вершаў, старшынёй Магілёўскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, членам праўлення Магілёўскага абласнога аддзялення Беларускага фонду міра — Алесем Казекам.
У зале — сваякі, калегі, прадстаўнікі абласной улады, грамадскіх аб’яднанняў, якіх разам аб’яднала жаданне ўшанаваць асобу Алеся Мікалаевіча Казекі — чалавека, які нёс у сабе святло, годнасць і глыбокі розум.
Невыпадкова яго імя ўнесена ў Кнігу Славы Магілёўшчыны, а ў 2022 годзе ён быў удастоены ганаровага звання «Чалавек года Магілёўшчыны».
Праз вершы, якія гучалі ў выкананні блізкіх, праз успаміны калег і сяброў праступаў яго партрэт – партрэт асобы, якая шчыра любіла родны край, сваіх землякоў, спадчыну папярэдніх пакаленняў, мову бацькоў, а таксама рупліва шукала сэнсу жыцця, і знаходзіла яго ў сяброўстве, прязні, любові, каханні, разуменні…
Яго творчасць атрымала прызнанне на розных узроўнях — і ў Беларусі, і за яе межамі. За высокія дасягненні ў літаратурнай дзейнасці, вялікі асабісты ўклад у развіццё беларускай літаратуры Алесь Мікалаевіч Казека ўзнагароджаны медалём Францыска Скарыны, знакам Саюза пісьменнікаў Беларусі «За вялікі ўклад у літаратуру», медалём Саюза пісьменнікаў Расіі імя Васіля Шукшына, ганаровымі граматамі Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта і Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў, ганаровым знакам “Заслужаны міратворац”.
Тэма міру займала асаблівае месца ў творчасці Алеся Мікалаевіча. Адзін з найбольш вядомых яго твораў – паэма “Марыйка”, што прысвечана лёсу спаленай фашыстамі разам з забітымі жыхарамі вёскі Боркі Кіраўскага раёна Магілёўскай вобласці, — наскрозь прасякнуты яскравым разуменнем немагчысасці пераадолення зла выкючна сілай. Мір патрабуе вялікай працы па выхаванні яго араганічнай прысутнасціў светапоглядзе чалавека як найвышэйшай каштоўнасці, што стаіць на адной ступені каштоўнасцю чалавечага жыцця…
«Мы, нашчадкi святла i вясны,
Перад продкамi схiлiм каленi.
Скажам: «Не!» — ашуканству вайны
Дзеля жыццяў усiх пакаленняў.
Скажам: «Так» — каб сады расцвiлi,
Каб icкрылася шчасцем дзяцiнства.
Скажам «Так» — каб у сэрцах жылi
Радасць, згода, спакой i адзiнства.
Мiру — мiр! Мiру — мы! Мiру — свет!
Хай набатам гучыць у сусвеце!
Хай заўсёды Святла запавет
На шчаслiвай пануе планеце!»
Сваёй грамадскай дзейнасцю Алесь Мікалаевіч прычыніўся да пашырэння міратворчых праектаў на Магілёўшчыне і па ўсёй Беларусі, карыстаўся любой магчымасцю, каб падтрымаць дзейнасць нацыянальнай міратворчай арганізацыі, бо шчыра лічыў сваім Божым запаветам дзейнасць па захаванні згоды, будавання паразумення, умацаванне любові паміж людзьмі.
Не дадзім ніколі вайне вярнуцца зноў у нашае жыццё!
Будзем умацоўваць беларускую дзяржаву і адзінства нашага народа! Бо Беларусь – гэта мір! Беларусь – гэта мы!