image/svg+xml
Белорусский фонд мира Belarusian fund of peace
16.08.2024 / Администратор

У атмасферы міру і братэрства

7 жніўня 2024 года ў Магілёве быў арганізаваны круглы стол.

Арганізатарамі мерапрыемства выступілі:

  • Магілёўскае абласное аддзяленне Беларускага фонду міру,
  • Мінска-Магілёўская архідыяцэзія Рымска-каталіцкай царквы.

Мерапрыемства праходзіла пад эгідай Каардынацыйнага савета грамадскіх аб’яднанняў і палітычных партый Магілёўскай вобласці.

Падтрымку ў арганізацыі аказала Галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы і па справах моладзі Магілёўскага аблвыканкама.

Круглы стол быў прысвечаны абмеркаванню актуальных пытанняў узаемадзеяння паміж уладай, грамадзянскай супольнасцю, рэлігійнымі аб’яднаннямі Беларусі і прадстаўнікамі дыпламатычных місій замежных дзяржаў.

Асноўная тэма абмеркавання — ўмацаванне міру і згоды ў беларускім грамадстве.

Адкрываючы мерапрыемства, старшыня Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта, А.М.Ісачанка зазначыў, што ў нашай краіне ў атмасферы міжканфесіянальнага і міжнацыянальнага міру і супрацоўніцтва выхавана ўжо не адно пакаленне жыхароў Беларусі.

 

Гэта стала магчымым не толькі таму, што сам беларускі народ заўсёды вызначаўся міралюбнасцю і талерантнасцю, але і дзякуючы мудрай палітыцы ўлады і асабіста Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі. Рэальнае ўвасабленне гэтай палітыкі мы на свае вочы бачым на Магілёўшчыне.

Кантэкстам выступленняў Мітрапаліта Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рымска-каталіцкай царквы ў Беларусі арцыбіскупа Іосіфа Станеўскага і архіепіскапа Магілёўскага і Мсціслаўскага Сафронія стала тэза аб тым, што гісторыя хрысціянства на Беларусі, як і ўся гісторыя існавання беларускага народа, была звязана са складанымі працэсамі ўзаемадзеяння ўсходняй і заходняй цывілізацый у месцы іх судакранання. Пры гэтым кожная з канфесій старалася даць людзям надзею і суцяшэнне, садзейнічаць прагрэсу і развіццю тэрыторый.

 

Старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, доктар гістарычных навук, прафесар, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Марзалюк Ігар Аляксандравіч звярнуў увагу прысутных на тое, што ўсе традыцыйныя канфесіі спрычыніліся працэсу фарміравання ідэнтычнасці беларускага народа, яго ўнікальнасці, самасвядомасці на шляху да ўласнай дзяржаўнасці.

 

У прыватнасці, на Магілёўшчыне шляхамі стварэння  ішлі і вялікія сучаснікі той эпохі – свяціцель Георгій Каніскі, праслаўлены праваслаўнай царквой у ліку святых, і арцыбіскуп Станіслаў Богуш-Сестранцэвіч, які больш за 50 гадоў узначальваў легендарную гістарычную Магілёўскую рымска-каталіцкую мітраполію.

Высокая адукаванасць, глыбокая духоўнасць і філасофскі погляд на свет гэтых вялікіх хрысціянскіх іерархаў рабілі іх здольнымі да дыялогу на карысць свайго народа і на славу Божую.

“Так, на Беларусі было, ёсць і так будзе заўжды”, — адзначыў парламентарый.

Духоўна-маральная сфера з’яўляецца асновай фармавання комплексу каштоўнасцяў любога грамадства. Каштоўнасцяў, дзякуючы якім грамадства здольна жыць і памятаць, перадаваць генетычны і духоўны код, гуртаваць народ, даваць асобе кірунак да мудрага, добрага, вечнага.

Менавіта такім пачынаннем рухомыя сёння тыя, хто, будучы абраны беларускім народам на ўсіх узроўнях прадстаўнічай улады піша законы і правілы жыцця нашага грамадства, у тым ліку і ў сферы свабоды сумлення. Гэты лейтматыў гучаў у выступленні старшыні Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў, члена Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Аляксандра Рыгоравіча Гарошкіна, які з’яўляецца лідэрам абласной арганізацыйнай структуры аднаго з найбуйнейшых грамадскіх аб’яднанняў краіны — грамадскага аб’яднання «Белая Русь».

Кіраўнік нацыянальнай міратворчай арганізацыі — старшыня Праўлення Беларускага фонду міру Місько Максім Уладзіміравіч прысвяціў сваё выступленне не толькі асноўным аспектам практычнай міратворчай дзейнасці фонда міру, але і актуалізацыі глыбокіх філасофскіх перадумоў яе ажыццяўлення ў Беларусі, дзе за мір змагаюцца ўсе — ад Прэзідэнта да школьніка.

…«Благаслаўлёныя міратворцы, бо яны будуць нарачоныя сынамі Божымі…».  Кожны хрысціянін бачыць для сябе найвышэйшай узнагародай быць нарачоным сынам Божым.

І для атрымання гэтай узнагароды трэба, як і Хрыстос, не толькі асудзіць узаемную нязгоду і нянавісць людзей паміж сабою, але і самім нам прыміраць нязгоды іншых і тварыць супакой у сабе.

Словы падзякі старшыня Праўлення адрасаваў кіраўніцтву Магілёўшчыны, прадстаўнікам грамадзянскай супольнасці, дыпламатам, духавенству.

Беларусь — міралюбівая дзяржава.  Як сказана ў першых словах дзяржаўнага гімна… «Мы, беларусы – мірныя людзі». Не толькі неўмяшанне ва ўнутраныя справы, але і актыўная палітыка, накіраваная на добрасуседства, супрацоўніцтва і сяброўства з народамі і краінамі — крэда беларускага народа і яго духоўна-маральных інстытутаў. З надзеяй гучаць словы Святога Іаана Златавуста… «Той, хто мае сяброў, хоць бы быў бедны, становіцца значна багацейшым за багатых: чаго ён сам не асмеліцца сказаць за сябе, тое скажа за яго сябар; чаго не можа даставіць сам сабе, дасягне праз іншага»…

На круглым стале слова мелі прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса, якія прыбылі ў Беларусь для ўмацавання добрасуседства і дружбы паміж народамі — пасол Венгерскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь спадарыня Зіта Ілона Бенчык і пасол Італьянскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь спадар Тамаза П’етра Маркеджані, якія прапанавалі па ўсіх напрамках актывізаваць. кантакты і адносіны паміж нашымі народамі.

У ходзе зацікаўленай размовы за круглым сталом сваё бачанне актуальнага парадку дня выказалі старшыня Магілёўскага гарадскога выканаўчага камітэта А.В.Студнеў, першы намеснік пракурора Магілёўскай вобласці Вульвач М. Б., старшыня Магілёўскага гарадскога Савета дэпутатаў Гурын М.М., кансультант Апарата Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей Рэспублікі Беларусь Шчарбацэвіч І.А.

Па выніках круглага стала ўдзельнікі дамовіліся працягнуць практыку абмену думкамі і вопытам работы па ўмацаванні дружбы і супрацоўніцтва на міжнародным узроўні, а таксама па далейшаму развіццю ўзаемадзеяння органаў дзяржаўнай улады і структур грамадзянскай супольнасці на карысць беларускага народа і для працвітання Рэспублікі Беларусь.