15 валанцёраў-энтузіястаў розных прафесій і ўзростаў прабеглі з запаленымі факеламі ў руках па тэрыторыі дзвюх брацкіх краін — Расіі і Беларусі, каб перадаць цяпло сваіх сэрцаў усім людзям і яшчэ раз нагадаць аб тым, што неабходна берагчы мір на зямлі.
Іх шлях пачаўся 1 чэрвеня ў Смаленску, прайшоў праз Шклоў, Бялынічы і Беразіно. 8 ліпеня бегуны фінішыруюць у Мінску.
Перад уездам у райцэнтр да ўдзельнікаў факельнай эстафеты далучыліся юныя бялынічане. Яны ўпершыню даведаліся пра бег у імя Міру і з задавальненнем падтрымалі валанцёраў.
— Дэвіз “Бегу Міру” гучыць так: “Мір пачынаецца з сябе”, — адзначыла актывістка руху Ірына ПАБЕДА. — У гэтым забегу могуць прыняць удзел абсалютна ўсе, і няма розніцы, колькі хто прабяжыць – некалькі метраў ці некалькі кіламетраў, ці хоць проста патрымае ў руках факел. Кожны бягун становіцца членам нашай вялікай каманды.
У парку адпачынку Ліпавы гай спартсменаў хлебам-соллю сустрэла дэлегацыя бялынічан, у склад якой увайшлі намеснік старшыні райвыканкама Андрэй ГАНЧУК і начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама – старшыня Бялынічскага грамадскага аб’яднання “ Беларускі фонд міру”Таццяна МЯКШЫНА. Яны правялі гасцей па Алеі Славы, пазнаёмілі іх з біяграфіямі герояў, якія аддалі свае жыцці дзеля міру і свабоды нашай краіны.
У знак удзячнасці за цёплы прыём удзельнікі “Бегу Міру” ўручылі Андрэю Ганчуку сімвалічныя падарункі. Таксама бегуны наведалі Старасельскі дзіцячы аздараўленчы лагер “Перамога” і разам з выхаванцамі летніка паўдзельнічалі ў спартыўных спаборніцтвах.
Ірына Пабеда, 60 гадоў, Расія:
— Займацца бегам на далёкія дыстанцыі пачала ў сталым узросце. Аднойчы прапанавалі прабегчы эстафету ад Уладзівастока да Хабараўска – 750 кіламетраў. Мне вельмі спадабалася, атрымала вялікі зарад бадзёрасці і пазітыву! Захацелася не проста бегчы, а ўкладваць у свае намаганні асаблівы сэнс. Вось ужо 15 гадоў удзельнічаю як валанцёр у руху “Бег Міру”. Пабывала ў розных краінах свету, нават у Аўстраліі!
Святлана ХІСАМУТДЗІНАВА, 73 гады, Расія:
— У мяне з бегам звязана ўсё жыццё! Я – майстар спорту па лёгкай атлетыцы, удзельнічала ў шматлікіх спаборніцтвах і марафонах, у тым ліку і міжнародных. Бег на далёкія дыстанцыі дадае мне не толькі здароўе, але і выключны аптымізм. Побач з маладымі сябрамі па камандзе адчуваю сябе лёгкай, як птушка. І, не паверыце, калі стала бегаць эстафеты, пачала пісаць вершы. Пакуль раблю прабежкі, словы самі складаюцца ў вершаваныя радкі:
Жизнь наша – это вечный марафон,
До последних мгновений будет длиться он.
Небесам сегодня обещанье дам,
Что мечту о мире не предам!
Шайвія РУБЧЫНЬСКА, Польшча:
— Я далучылася да эстафеты некалькі дзён назад. Ніколі не была ў Беларусі і са здзіўленнем адзначыла для сябе, як у вас прыгожа, чыста. Асабліва ўразіла добразычлівасць і гасціннасць людзей! Ведаю, што ў часы Вялікай Айчыннай вайны вашаму народу прыйшлося перанесці шмат цяжкасцей і пакут, таму, думаю, невыпадкова, што асноўныя мерапрыемствы факельнай эстафеты “Бег Міру” праходзяць у вашай краіне.
Сёлета ў эстафеце “Бег Міру” ўдзельнічаюць валанцёры з 25 краін свету. Яны праклалі маршруты з Польшчы, Літвы, Латвіі і Расіі з фінішам у сталіцы нашай дзяржавы. Беларусы больш за 20 гадоў далучаюцца да гэтага міжнароднага руху.