image/svg+xml
Белорусский фонд мира Belarusian fund of peace
01.08.2020 / Администратор

Жыццё кожнага чалавека неацэнна

Адным з ключавых мерапрыемстваў у праграме святкаванняў у Магілёўскай вобласці 75-годдзя Вялікай Перамогі стала адкрыццё пасля рэканструкцыі мемарыяльнага комплексу памяці спаленых вёсак Магілёўскай вобласці ў вёсцы Боркі Кіраўскага раёна.     

20 чэрвеня Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў удзел у цырымоніі адкрыцця мемарыяльнага комплексу.

Ініцыятарам стварэння новага помніка выступіў старшыня Магілёўскага аблвыканкама Леанід Заяц.

Над абнаўленнем мемарыяла працавала ўся Магілёўская вобласць, была аб’яўлена дабрачынная акцыя па зборы сродкаў на рэканструкцыю мемарыяла памяці, актыўны ўдзел прынялі грамадскія аб’яднанні Магілёўскай вобласці, у тым ліку Магілёўскае абласное аддзяленне Беларускага фонду міру. Усе без выключэння раённыя арганізацыі фонду ўдзельнічалі ў зборы сродкаў. Акрамя стварэння новага помніка, трэба было зрабіць нямала: добраўпарадкаваць вуліцы і мясцовае возера, стварыць сквер для адпачынку, знесці старыя безгаспадарныя дамы. Агульнымі намаганнямі на добрую справу Магілёўскае абласное аддзяленне Беларускага фонду міру пералічыла больш за 20 тысяч рублёў.

Да 75-годдзя Перамогі праведзена маштабная праца па рэканструкцыі мемарыяльнага комплексу: тут з’явілася вуліца з рэшткамі спаленых дамоў і нанесенымі на іх успамінамі тых, хто выжыў, устаноўлены скульптурныя кампазіцыі “Беларусь – смуткуючая маці”, “Уваход”, “Свіран”, “Калодзеж”, “Полымя”, якія ўвасабляюць сабой жах той трагедыі: пустая калыска, згарэлы дом з выявай цел людзей, якія гарэлі ў агні, калодзеж, у якім тапілі маленькіх дзяцей. Напрыканцы мемарыяльнай імправізаванай вуліцы размясціўся камень з пасланнем да нашчадкаў і парк, што ўвасабляе жыццё. Праект рэалізаваны з выкарыстаннем сучасных светлавых і гукавых тэхналогій.
Адкрываючы мемарыяльны комплекс Памяці спаленых вёсак Магілёўскай вобласці Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка агледзеў аб’екты мемарыяльнага комплексу, усклаў кветкі да асноўнай кампазіцыі мемарыяла «Беларусь – журботная маці», пагутарыў з ветэранамі, удзельнікамі мерапрыемства. Прэзідэнт выказаў перакананне, што дзіця, якое ў свядомым узросце хоць раз у жыцці наведае адзін з беларускіх мемарыялаў з падобнай гісторыяй, ніколі не дапусціць нават думкі аб тым, што на зямлі ёсць людзі, нявартыя жыць і быць свабоднымі.

Варта адзначыць, што Магілёўскае абласное аддзяленне Беларускага фонду міру была ўдастоена вышэйшай узнагароды Магілёўскага аблвыканкама за ўклад у арганізацыю работы па стварэнні мемарыяльнага комплексу “Памяці спаленых вёсак Магілёўскай вобласці” падчас рэспубліканскага свята “Купалле”, што адбылося ў аграгарадку Александрыя Шклоўскага раёна 12 ліпеня 2020 года.
Даведачна

Да Вялікай Айчыннай вайны ў в. Боркі і шасці прылеглых пасёлках (Пралетарскі, Дзяржынскі, Чырвоны Араты, Закрынічча, Доўгае Поле, Хватаўка) налічвалася каля 300 двароў. Улетку 1942 года сфарміраваныя партызанскія злучэнні пачалі дзеянні супраць захопнікаў, здзяйсняючы частыя дыверсіі па падрыве машын на шашы Бабруйск–Магілёў. Пасля адной з такіх дыверсій 15 чэрвеня 1942 года ў вёску наляцеў карны атрад штурмбанфюрэра СС Оскара Паўля Дырлевангера.

На досвітку фашысты акружылі ўсе пасёлкі в. Боркі. У Закрыніччы карнікі сталі выганяць з дамоў насельнікаў і выводзіць на ўскраіну пасёлка. Затым сілай запіхвалі ў кожны дом па 8 чалавек і з аўтаматаў расстрэльвалі. Не шкадавалі ні старых, ні малых.

Скончыўшы расстрэл, немцы абклалі хаты саломай і падпалілі. Ва ўсіх іншых пасёлках акупанты проста заходзілі ў дом і ўсіх расстрэльвалі. Скончыўшы расправу да сярэдзіны дня, карнікі падпалілі 6 пакінутых пасёлкаў. На месцы вёсак віднеліся толькі рэшткі спаленых дамоў, вакол – абвугленыя чалавечыя трупы; у калодзежах – целы забітых. Гэта была адна з самых масавых карных акцый, накіраваная супраць мірных жыхароў у гады Вялікай Айчыннай вайны на акупаванай фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі.

Пасля вайны самі Боркі былі адноўленыя, але навакольныя пасёлкі – Хватаўка, Доўгае Поле, Закрынічча, Чырвоны Араты, Пралетарскі, Дзяржынскі – так і не адрадзіліся.

У памяць аб жыхарах Борак і спаленых вёсак у 1964 годзе да 20-годдзя вызвалення раёна быў устаноўлены помнік – скульптура воіна і дзяўчынкі, якая ўскладае кветкі. Па колькасці спаленых пасёлкаў устаноўлена шэсць пліт памяці як напамін пра крывавую бойню на шматпакутнай боркаўскай зямлі.

У жніўні 2004 года, праз 62 гады пасля той страшнай трагедыі, узведзена капліца ў гонар абраза Божай Маці «Спагнанне загінулых».

У жніўні 2008 года была ўстаноўлена сцяна памяці спаленых вёсак Магілёўскай вобласці: шэсць гранітных пліт з назвамі 112 знішчаных вёсак Магілёўскай вобласці, дзе закладзена капсула з зямлёй гэтых спаленых вёсак. Сярод іх – 20 населеных пунктаў Кіраўскага раёна.