image/svg+xml
Белорусский фонд мира Belarusian fund of peace
15.11.2023 / Администратор

Як Беларускі фонд міру дапамагае распраўляць крылы юным міратворцам

Аб’яўлены новы конкурс “Лепшы міратворчы праект Школы міру”, паўдзельнічаць у якім цяпер могуць практычна ўсе школы краіны.

Яго арганізатарамі выступаюць Беларускі фонд міру пры падтрымцы Мінадукацыі Беларусі. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Як разгортваецца ў краіне рух юных міратворцаў? Чым будзе адметны конкурс, пра ўмовы якога стала вядома на мінулым тыдні? Пра гэта і не толькі гутарым са старшынёй праўлення Беларускага фонду міру Максімам Місько.

Мір як стваральная праца

На пачатку размовы з Максімам Уладзіміравічам паразважалі трохі пра філасофію міру, які можна ўспрымаць як стваральную працу, на першы погляд, нібыта нябачную. Пра тое, што барацьба за мір — гэта і бесперапынны сінтэз самых розных стваральных энергій. Можна сабе ўявіць, як з гуманістычных ідэй, шчырых слоў, канкрэтных спраў тысяч, мільёнаў людзей недзе ў надземнай прасторы (і адначасова ў розуме-сэрцы кожнага з нас, да міратворчых спраў далучаных…) ствараецца падушка бяспекі. А ствараецца тая звышэнергасістэма, здольная супрацьстаяць бранябойнай, разбуральнай сіле вайны, пэўна ж, на каркасе з глыбокіх перакананняў, гарачых памкненняў і спе­цыяльных ведаў міратворцаў: ведаў пра традыцыі міру і міратворчасці ў розных нацыянальна-этнічных супольнасцях, пра міжнароднае міратворчае права…

Чаму глыбокія веды міратворцам патрэбны? Бо вельмі тонкія бываюць межы паміж мірам і вайной — безданню, катастрофай, калі нібыта падае неба і зямля сыходзіць з-пад ног. Па сутнасці, любая вайна — гэта ж нечы пралік, нечая памылка ў разліках. А перамога сапраўдная, пэўна ж, там, дзе вайны ўдаецца пазбегнуць. І таму ў Бібліі сказана: “Блаженны миротворцы”! Яшчэ ж і ў майстроў адзінаборстваў ёсць такое меркаванне: “Лепшы той бой, якога ўдалося пазбегнуць”. Ды не заўсёды ўдаецца. Тое бачым сёння ў рэальным часе: Украіна, ізраільска-палесцінская бойня…

І вось жа ці не цуд, што высокія ідэі міру, якія суровым прагматыкам часам падаюцца дзіцячымі гульнямі, па ўсёй гісторыі ўрэшце перамагаюць жалезную логіку вайны! І ўсе канфлікты рана ці позна заканчваюцца. Шкада толькі, што нярэдка ў сваіх абломках яны здольны пахаваць не толькі тых, хто ўсчынае бойкі, але і шмат каго яшчэ.

Мой суразмоўнік мае каштоўны вопыт, які дапамагае яму плённа працаваць на карысць міру. Яшчэ ў школьныя гады вучыўся патрыятызму ў Мінскім сувораўскім ваенным вучылішчы, потым і ў вышэйшым ваенным вучылішчы, адслужыў у войску. Мае адукацыю правазнаўца, кандыдат юрыдычных навук, працаваў выкладчыкам у БДУ. Пабыў і дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу. І ў справах міратворчых Максім Уладзіміравіч не навічок: мае вопыт зносін з калегамі ў розных краінах, а Федэрацыя за ўсеагульны мір прысвоіла яму ганаровае званне Ambassadors for Peace (Пасол міру).

— Максім Уладзіміравіч, СМІ расказвалі сёлета на пачатку чэрвеня пра новую для Беларусі традыцыю: у Магілёве праходзіў ужо ІІ Рэспуб­ліканскі фестываль дзіцячай міратворчасці “Дзеці за мір”. Чым фэст быў адметны?

— Вельмі парадавала нас, арганізатараў, што дзеці творча прадстаўлялі свае міратворчыя праекты: праграма злёту іх на тое скіроўвала. Крэатыўнасць бачылі ў прэзентацыі кожнай каманды, а сабраліся ж лепшыя, амаль 100 чалавек, з абласцей і Мінска — там прайшлі папярэднія адборы. То цяжка было вызна­чаць найлепшых: усе добрыя! Але, каб захаваць спаборніцкі дух, гэта зрабілі, прычым 1-е, 2-е і 3-е месцы адзначылі асабліва. І ўсе ўдзельнікі атрымалі каштоўныя індывідуальныя прызы ад нашых спонсараў. Падарункам было для іх і само знаходжанне на фестывалі з вялікай культурнай праграмай. Школьнікі мелі магчымасці знаёміцца, пасябраваць з аднагодкамі з іншых абласцей.

Вядома ж, мы скіроўваем юных міратворцаў на тое, каб пашыраліся кантакты з равеснікамі, аднадумцамі за мяжой, але ж і сяброўства іх унутры краіны важнае. Само паняцце “сетка Школ міру” пра гэта сведчыць: кожны вузельчык і кожная нітачка ў ёй узаемазвязаны з іншымі.

Усяго ж, нагадаю, у конкурсе міратворчых праектаў прынялі ўдзел 150 школ з розных куткоў Беларусі. Пераможцай прызнана каманда гімназістаў Полацкай дзяржаўнай гімназіі № 1 імя Францыска Скарыны з праектам “Памяць жывая, пакуль памята­юць жывыя”. А ўвогуле, я вельмі радаваўся, што сустрэў на фестывалі шмат шчырых, удзячных, вельмі чуйных да жыцця людзей з чыстымі думкамі, сэрцамі.

Крэатыўнае прыўнясенне

— Новы конкурс аб’яўлены. Улічаны ўрокі папярэдняга? Унесены карэктывы?

— Безумоўна, бо трэба ж рухацца наперад. Прычым крэатыўна. У нас ужо склалася так, што асноўныя міратворчыя праекты рэалізуюцца ў рэчышчы акцыі “Памяць”, ёсць клопат пра ветэранаў, ідзе ўладкаванне месцаў памяці, догляд помнікаў і мемарыялаў. Вядзецца і пошукавая работа. Ёсць патрыятычныя, гуманітарныя, дабрачынныя праекты: яны ж і былі своеасаблівым пропускам, калі школам надавалі статус Школы міру. Але варта разумець: магчыма, такія праекты маглі б далей развівацца-рухацца і без Фонду міру… Мы абагульняем методыкі работы, прычым яны запатрабаваныя. Са школамі ў нас ёсць зваротная сувязь — і гэта цудоўна! Ды ўсё ж: давайце рушым далей! Вось таму фармат новага конкурсу, сама яго ідэя скіраваны на крэатыў. У палажэнні, якое нядаўна ўзгоднена і з Міністэрствам адукацыі, акрэслены напрамкі пошуку. Гэта народная і дзіцячая дыпламатыя, наладжванне зносін з юнымі міратворцамі ў іншых краінах, замежных школах. Гэта і стваральная праца на карысць міру і згоды ў нашай краіне. Усё пералічваць не буду, аднак заўважу: такія перспектыўныя кірункі пошуку напрамую звязаны з нашым рэальным жыццём. Гэта не адарваныя ад зямлі фантазіі рамантыкаў, а крэатыўнае прыўнясенне ідэй міру, стварэння ў розныя сферы нашага быцця.

— Значыць, вы фактычна цяпер заахвочваеце найперш пошук, новыя кірункі работы?

— Такое патрабаванне часу.

Мы ўжо фактычна ўступілі ў этап падрыхтоўкі да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. І ў міратворчых справах на 2023/2024 навучальны год гэты своеасаблівы рытм часу, безумоўна, павінен гучаць.

Мы палічылі, што трэба даць магчымасць юным міратворцам з улікам іх інта­рэсаў, ментальнасці прапаноў­ваць свае ідэі для рэалізацыі. Бо ведаем: у старэйшых — крыху іншы погляд на свет. Але мы працуем з юнымі, таму — калі ласка, тварыце і прапаноўвайце! Важна, каб юныя міратворцы самі прадумалі тыя ідэі, якія ім захочацца ўвасобіць. І мы — за такі крэатыў, за такую навізну! Так што падкрэслю: на конкурс прымаюцца праекты, якіх яшчэ не было раней у беларускай школьнаміратворчай практыцы. Ну і ранейшыя напрацоўкі, вядома ж, трэба працяг­ваць, толькі на конкурс чарговы раз іх падаваць — які сэнс?

— Сапраўды, часам бывае больш складана нешта ў сацыяльнай сферы прыду­маць, чым рэалізаваць.

— Згодзен! Кожная новая ідэя — гэта як своеасаблівае зернейка духу, якое можа пры добрых знешніх умовах прарасці, даць плод. Мы — за пошук такіх жывых зярнятак. І таму паўдзельні­чаць у конкурсе запрашаем не толькі тыя 150 Школ міру, што ўжо ёсць, а і ўсе іншыя таксама. Калі ваш праект будзе ўтрымлі­ваць у сабе навізну і крэатыў, мы будзем разглядаць гэта і як вашу аргументаваную заяўку на статус Школы міру.

Расправіць крылы

— Якія, Максім Уладзіміравіч, абяцаеце прызы для тых, хто падключыцца да конкурсу?

— Тыя праекты, якія перамо­гуць, атрымаюць нашы гранты на іх рэалізацыю. Мы прапісалі ва ўмовах конкурсу, што гэта па 1500 рублёў. А можа, будзе і больш. Скажам, нехта захоча сад памяці ў сябе закласці, то, магчыма, дапаможам нейкія прыгожыя экзатычныя ці пладовыя дрэвы закупіць. Альбо камусьці хочацца пры школе свой гадавальнік для раслін мець — можам для развіцця, для старту нечым дапамагчы. Для доб­рых, крэатыўных ідэй знойдуцца таксама іншыя крыніцы фінансавання. Тут важна разумець такі прынцып: кааперацыя. Вы прыдумайце і пачніце нешта добрае, на агульную карысць рабіць, а мы, пры ўдалым збегу акалічнасцей, вам дапаможам. Што рэалізуеце — тое будзе ваша, таму вы ў любым выпадку не прайграяце. А лепшыя конкурсныя праекты вызначым на трэцім фестывалі, які ў наступным годзе пройдзе ў Віцебску: бо сёлета ж каманда з Віцебшчыны заняла ў конкурсе 1-е месца.

— Ці мае Беларускі фонд міру ўзнагароды, каб заахвочваць актыўных юных міратворцаў?

 

— Пра каштоўныя падарункі я ўжо сказаў. Але ж мы разумеем: адзначаць школы, актывістаў руху варта не толькі імі. Дарэчы, на фес­тывалі школы атрымалі ад нас і спонсараў добрую тэхніку. А цяпер мы рыхтуем прыгожы медаль “Юны міратворац” — яго эскіз ужо зацверджаны на Геральдычным савеце пры Мінюсце. Такі медаль будзем уручаць у школах дзецям, якія асабліва вызначыліся. Дарэчы, калі я працаваў у Саюзе сувораўцаў і кадэтаў гадоў дзе­сяць назад, то мы распрацавалі медаль “За служэнне Радзіме з дзяцінства” і ўручалі яго лепшым: па 2—3 медалі за год у вучылішчы. І я сам бачыў: яму на сцэне ўручаеш медаль, а хлопчык, юнак падрастае на вачах. Гэта ўжо малады воін. Ён цягнецца ўгору і, здаецца, над сцэнай падлятае сантымет­раў на 10. Дарослыя так ніколі не рэагуюць на такія рэчы. І я ўяўляю, як ён дадому прыйшоў: “Мама, гля­дзі, мяне ўзнагародзілі!” Гэта ўжо наш чалавек, патрыёт. Трэба даць і юным міратворцам з дзяцінства гордасць за Радзіму адчуць. Каб разумны і працавіты разумеў: ён важны чалавек для Айчыны. Гэта дапаможа юнаму патрыёту расправіць крылы. Можа, і авансам калі што дадзім, але ў тым, каго адзначаем, мы заўважаем стваральны патэнцыял — і будзем яго абуджаць такім чынам.

— Час пайшоў. Што вы пажадаеце ўдзельнікам конкурсу?

— Крэатыўных ідэй, своеасаб­лівага подзвігу ў падыходах да міратворчай працы. Не скочвайцеся, калі ласка, у руціну штодзённасці, жывіце ў стваральнай радасці. Няхай вас акрыляюць смелыя мары. Мы чакаем з нецярпеннем: што ж нашы юныя сябры прыдумаюць? Ужо трэці год, як вядома, ажыццяўляецца праект “Сетка Школ міру” — і мы расцём, развіваемся разам з юнымі міратворцамі. Узыходзім на новыя прыступкі ў сваім руху.

Іван ЖДАНОВІЧ
Фота аўтара