Прысваенне Беларускім фондам міру ганаровага звання «Школа міру» сярэдняй школе № 3 Лепеля мае для яе калектыву велізарнае значэнне. Слова «мір» тут вымаўляецца па-асабліваму.
Маё знаёмства са школай пачынаецца з наведвання мемарыяльнага знака, які нагадвае пра падзеі, што адбываліся на яе тэрыторыі. Чытаем надпіс на гранітнай пліце: “Тут у 1941—1944 гадах фашысты расстрэльвалі мірных жыхароў, партызан, падпольшчыкаў, чырвонаармейцаў”.
Пра той страшны час расказвае Аліна Леанідаўна Корсак, кіраўнік аб’яднання па інтарэсах “Спадчына”, адказная за работу ў музеі гісторыі школы:
— У Лепельскім раёне фашыстамі было забіта 4700 чалавек, 903 чалавекі вывезены ў Германію на катаржныя работы. Тэрыторыя нашай школы, якой сёлета спаўняецца 106 гадоў, стала адным з тых месцаў, дзе ў першыя дні вайны прайшлі масавыя расстрэлы савецкіх патрыётаў. Тут у дарэвалюцыйным будынку першай у Віцебскай губерні гімназіі, які захаваўся і функцыянуе дагэтуль, у пачатку вайны размяшчалася нямецкая казарма. Побач знаходзіўся летні сад “Дынама” з крытай эстрадай, лаўкай для публікі, дашчатай танцпляцоўкай.
Міжвольнай сведкай расстрэлаў давялося стаць Галіне Герасімаўне Клавовіч, ветэрану педагагічнай працы, якой споўнілася 93 гады. Вучні школы запісалі яе ўспаміны: “Я амаль кожную раніцу бачыла, як у садзе “Дынама”, на адлегласці каля 100 метраў ад маёй кватэры, арыштаваныя пад канвоем капалі магілы. Прыкладна ў 2—3 гадзіны дня выводзілі з турмы людзей групамі ад 5 да 20 чалавек, кожны раз заганялі ўдарамі палак у магілу і там расстрэльвалі. Часта расстрэлы праводзіліся ноччу. Усяго ў садзе за год было забіта каля 1000 чалавек. Гэта былі лепельцы, якія не скарыліся ворагу, расклейвалі лістоўкі, збіралі звесткі для партызан, хавалі яўрэяў. Гэты страшны час для Лепеля доўжыўся 1100 дзён і начэй”.