Самохіна Валерыя Алегауна
вучаніца 11 “А” класа
дзяржаунай установы адукацыі
“Сярэдняя школа № 27 г. Бабруйска”
Хатні адрас: 213 828 г. Бабруйск,
вул. Кастрычніцкая, д.169, кв.59
Шчасце жыць у мірнай краіне
Малюся… А яшчэ − хоць і вельмі сорамна прызнацца − апошнім часам − баюся… Непакоюся… Непакоюся за маленькага двухгадовага браціка, што несупынна гудзіць, корпаючыся на дыване з цацачным цягніком, за маці, што старанна рыхтуе вячэру, за бацьку, што стомлены за доўгі дзень пасля працы зваліўся на канапу… Звычайны вечар у звычайны будны дзень… Ціха, утульна. Я корпаюся з урокамі. Заўтра кантрольная. Канец чвэрці − трэба пастарацца на бал атэстата… Бацька з матуляю глядзяць тэлевізар. Ідуць навіны. На вуліцы ціхі сакавіцкі вечар. Праз расчыненае акно сочыцца свежае марознае паветра. Вее вясною, надзеямі, шчасцем. Шчасцем простым, людскім, звычайным.
− У Мінску адбудзецца чарговая сустрэча кантактнай групы для ўрэгулявання пытанняў на Данбасе, − даносіцца заклапочаны голас дыктара з дынаміка тэлевізара. – Часовае перамір’е парушаецца кожны дзень… Гарматы б’юць па жылых кварталах Данецка… Данецкі аэрапорт зруйнаваны дашчэнту… Луганск…
Далей больш не чую. Не магу больш слухаць! Калі гэта скончыцца? Колькі ўжо можна бамбіць простых звычайных людзей? Розных і па-свойму шчаслівых дзяцей, жанчын, старых і такіх падлеткаў, як я, як мае сяброўкі-аднагодкі?! Жахліва… Як гэта магло здарыцца такое? Як гэта здарылася?! Хто вінаваты?! Жылі ціха, мірна, хадзілі на працу, у школу, у дзіцячы садок. Школы разбамбілі, на дзіцячых пляцоўках зеўраюць акопы, паўсюль валяюцца рэшткі асколкаў! І гэта не страшэннае ўчора (крывавы сорак першы), гэта крывавае сёння, цяпер, побач з намі, у суседзяў нашых на Украіне, у братоў нашых… Гэта вайна на Данбасе… Страшэнная грамадзянская бойка…
− Украінскі крызіс працягваецца… З боку ўзброеных атрадаў украінскіх сілавікоў не захоўваюцца ўмовы Мінскіх пагадненняў. Плануецца чарговая сустрэча ў нармандскім фармаце, − працягвае паведамленне ўсё той жа ўстрыважаны голас дыктара…
Людзі! Хопіць! Божа, дапамажы спыніць вар’яцтва! Ды яшчэ ў дваццаць першым стагоддзі! Гэта пасля рэвалюцыі сямнаццатага года, пасля грамадзянскай вайны ў дваццатыя, пасля пакут Вялікай Айчыннай?! Што ж з таго часу нічога не змянілася? Не можа быць… Не можа быць! Не веру! Не хачу верыць!..
Маці паслала ў краму па хлеб. Ужо сцямнела. Іду, гледзячы на першыя зоркі ў цёмным вясновым небе… Спадзяюся! На зоркі, на бяздоннае неба, на сябе, на сваіх родных і блізкіх, на цябе, на мяне, на сваіх сябровак! Не будзе чорным неба над маёй Беларуссю, не будзе слёз і пакут простых звычайных беларусаў, не будзе гора ў маёй сям’і! Не будзе вайны!
Малюся,
малюся,
малюся…