У гэтым годзе спаўняецца 55 гадоў Беларускаму фонду міру. За час свайго існавання ён стаў адным з самых масавых грамадскіх аб’яднанняў, якое славіцца сваімі дабрачыннымі акцыямі.
Браслаўская раённая арганізацыя грамадскага аб’яднання “Беларускі фонд міру” прымае актыўны ўдзел у жыцці раёна. Дабрачынныя ахвяраванні жыхароў раёна дазваляюць арганізацыі зрабіць шмат добрых спраў, дапамагаць людзям і праводзіць шэраг дабрачынных акцый і мерапрыемстваў. Толькі ў мінулым годзе было сабрана 28 мільёнаў беларускіх рублёў, якія пайшлі на арганізацыю разнапланавых мерапрыемстваў.
Як расказала старшыня раённай арганізацыі Ірына Мацук, вялікая ўвага ўдзяляецца уладкаванню і добраўпарадкаванню ваенных мемарыяльных пліт, помнікаў і абеліскаў. Напрыклад, у 2015 годзе адрамантаваны тры помнікі на тэрыторыі Цяцяркаўскага сельсавета.
Таксама фонд супрацоўнічае з аддзелам адукацыі, спорту і турызму, аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і справах моладзі райвыканкама. Летась былі выдзелены сродкі на выраб друкаванай прадукцыі да міжнароднага свята “Браслаўскія зарніцы”. Падтрымаў фонд і выданне вучэбнага дапаможніка па гісторыі Браслаўшчыны, падрыхтаванае мясцовай настаўніцай В. Ходас.
У мінулым годзе напярэдадні Міжнароднага жаночага дня актывісты Фонду міру і савета жанчын сумесна з органамі ўлады правялі акцыю “Віншуем са святам, баявыя сяброўкі”. У 2015 фінансаваліся мерапрыемствы да Міжнароднага дня міру, віншаванні ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны і вязняў напярэдадні святаў. Падчас правядзення акцыі “Нашы дзеці” былі выдзелены грошы на набыццё саладосцяў і навагодніх падарункаў. Не забывае Фонд традыцыі ўшанавання дзяцей, народжаных у міжнародны дзень міру і першага дзіцяці новага года (сумесна з саветам жанчын).
Раённая арганізацыя грамадскага аб’яднання “Беларускі фонд міру” імкнецца быць у курсе маладзёжнага руху і заахвочвае іх памкненні зрабіць жыццё разнастайным і цікавым. Напрыклад, 10 красавіка бягучага года, адбыўся міжраённы турнір па міні-футболе. Удзел у ім прынялі 6 каманд з Браслава, Шаркаўшчыны і Мёр. Для турніру былі спецыяльна заказаны медалі з лагатыпам Фонду міру.
У гэты юбілейны год раённай арганізацыяй будуць працягнуты лепшыя традыцыі грамадскага аб’яднання. Па словах яго старшыні Ірыны Мацук, плануецца арганізаваць і правесці мноства дабрачынных і выхаваўчых мерапрыемстваў. Словам, справа па ўмацаванні міру, прапагандзе ідэй гуманізму, рэалізацыя высакародных спраў будзе і надалей працягвацца на Браслаўшчыне.
Алена Набеева. Фота аўтара.