Пераможцам стала сям’я Вішнеўскіх з аграгарадка Лужкі.
Памятныя прызы пераможцам і удзельнікам уручыла старшыня Шаркаўшчынскай раённай арганізацыі Фонда міру Наталля Арэшкава.
12 сямей з розных рэгіёнаў Віцебшчыны ўдзельнічалі ў абласным этапе праекта.
У пачатку ўрачыстасці ўдзельнікаў праекта, гасцей свята і ўсіх прысутных вітаў намеснік старшыні райвыканкама Юрый Васілеўскі. Ён пажадаў усім канкурсантам вытрымкі, імкнення да перамогі, бадзёрасці, аптымізму і добрага настрою ад знаходжання на гасціннай шаркаўшчынскай зямлі.
Адстойваць гонар Шаркаўшчынскага раёна надарылася сям’і Вішнеўскіх з аграгарадка Лужкі: Віталію, Аляксандры і іх дзецям Арсенію і Ксеніі. Канкурсанты — бацькі і іх дзеці — прайшлі пяць конкурсных этапаў. Хтосьці станавіўся лідарам, іншыя крыху саступалі больш мацнейшым сем’ям. У выніку перамогу атрымалі шаркаўчане — сям’я Вішнеўскіх. Менавіта яны будуць прадстаўляць Віцебшчыну у фінале праекта ў аграгарадку Александрыя Магілёўскай вобласці.
На першы конкурс пад назвай “Хлеб усяму галава” сем’і выходзілі на сцэну з караваямі ў руках, у вершаванай форме абаранялі свае духмяныя боханы.
Потым прысутныя ўрачыстым шэсцем рушілі ад галоўнай сценічнай пляцоўкі да помніка воінам-вызваліцелям Шаркаўшчыны. Усклалі жывыя кветкі і хвілінай маучання ушанавалі светлую памяць загінуўшых абаронцаў Айчыны.
Па матэрыялах раенных СМІ