image/svg+xml
Белорусский фонд мира Belarusian fund of peace
28.09.2020 / Администратор

Падарункі ад Фонду міра атрымалі немаўляты-астраўчане

Маці двух нованароджаных астраўчан атрымалі падарункі ад Астроўскага раённага аддзялення Беларускага фонду міра.

У Сусветны дзень міру астраўчан пабольшала: у ЦРКБ Надзея Зяневіч нарадзіла дзяўчынку, у Гродне ўбачыў свет сынок Аксаны Андрыеўскай.

– У нашым раёне з 2001 года, калі з’явілася традыцыя віншаваць немаўлятак, якія нарадзіліся ў Дзень міру, і іх матуль, налічваецца 27 такіх «дзяцей міру», – адзначыла старшыня Астроўскай раённай арганізацыі Беларускага фонду міра Альдона Сухадольская. – Гэта вельмі прыемная і адказная місія – адной з першых пажадаць нованароджанаму здароўя, шчасця, спаўнення мараў, шанцавання па жыцці, а галоўнае – міру ў душы і навокал.

Сімвалічнае пасведчанне і падарункі Альдона Станіславаўна перадала маме маленькай Ангеліны. Такое ж прывітанне ад Беларускага фонду міра атрымала сям’я Андрыеўскіх.

– Вельмі прыемна, што нараджэнне дачушкі ў толькі на першы погляд звычайны, але вельмі сімвалічны дзень, было заўважана, – падзякавала Надзея Зяневіч. – Гэта маё чацвёртае дзіця. З нецярпеннем чакаем выпіскі – дома нас будуць сустракаць нашы мужчыны – муж і тры сыны. Пасля такой прыемнай неспадзяванкі-віншавання чаканне будзе лягчэйшым, а дні да сустрэчы з роднымі пабягуць хутчэй.