image/svg+xml
Белорусский фонд мира Belarusian fund of peace

Дрибинский район

Счастье жить в мирной стране

Подготовила

Ермоленко Мария, учащаяся 11 класса государственного учреждения образования «Михеевская средняя школа»

213978 ул. Полоцкая, д.30 аг.Михеевка, Дрибинский район, Могилевская область

руководитель

Шевченко Наталья Леонидовна

Михеевка, 2016

Шчасце жыць у мірнай краіне

Столькі вынесшы гора, нягод,

І бяды, і жуды, і агню,

Ты,Радзіма, на тысячы год

Заслужыла сабе цішыню.

Н. Гілевіч

Якое гэта шчасце – жыць у мірнай краіне! Прачынацца пад шчэбет ластавак, з трапяткой радасцю набліжацца да першай веснавой кветкі на праталінцы, любавацца,як са жнівеньскага неба падаюць буйныя, нібы спелыя грушы ды яблыкі, зоры, спяшацца загадаць запаветнае жаданне і верыць, што яно абавязкова збудзецца! Які гэта цуд – назіраць, як суседскае дзіця самастойна пераадольвае свой першы ў жыцці такі складаны шлях ад ганка да весніц, а ў шырока раскрытых вачанятах – цэлая гама пачуццяў! Хораша вучыцца і ведаць, што перад табою адкрыты ўсе дарогі, толькі працуй, не лянуйся, упэўнена ідзі да мэты. І хораша летнім ціхім адвячоркам на поўныя грудзі ўдыхнуць водар палёў, бо пахнуць яны цёплым хлебам, спелым жытам. Жыццём…

Пра вайну і мір.

Мы з тых беларусаў,

Якія лічыліся ціхімі…

      П. Панчанка

Мы настолькі прызвычаіліся да мірнага жыцця, што не заўсёды ўсведамляем яго як найвялікшую каштоўнасць. Проста прымаем як належнае, што разумеецца само сабою. Як нешта непарушнае: усталявалася да нас – і пасля нас застанецца. Адметныя рысы характару беларусаў – міралюбства, памяркоўнасць. Як ні правакуй іх – не хочуць ваяваць, і ўсё тут! Вераць, што любое пытанне лепш вырашаць мірным шляхам. І правільна: даўно ўжо наваяваліся…

Спрадвеку вялося: якія б заваёўнікі ні рушылі на Расію з захаду – найперш пройдуцца па Беларусі. Разрабуюць, разбураць, спаляць, вынішчаць. Іх справа няхітрая. А каб адрадзіць усё нанова,дзясяткі год спатрэбяцца. Я асабіста ганаруся тым, што мае суайчыннікі ніколі не развязвалі захопніцкіхпаходаў, толькі самі бараніліся. Сумны вопыт і непрыняцце войнаў у беларусаў перадаецца на генным узроўні. А ў дадатак – талерантнасць, гасціннасць, зычлівасць. Толькі будзь сумленным і шчырым, а месца ў краіне ўсім хопіць. Наша маленькая дзяржава шматнацыянальная. На Брэстчыне ўкараніліся Буд-Гусаімы, на Пухаўшчыне – Ажгірэі, на Лагойшчыне – Урбанайцесы і Гулісы, на Віцебшчыне – Кежа, на Дрыбіншчыне – Бакаевы, Абсадыкавы, Ашчаулавы… У мінулым годзе прыехалі бежанцы з Украіны.Прыжыліся, паразумеліся, і моўны бар’ер ім не перашкода. Цяпер і Старадубы будуць.Рускіх, украінскіх, польскіх прозвішчаў наогул не злічыць. Да Айчыннай вайны што ні мястэчка – яўрэйскае пасяленне. А яшчэ ёсць у нас Немцавы, Шведавы, Чэхі і Чэхавы, Паляковы, Французавы. І назвы населеных пунктаў сустракаюцца адпаведныя: Прусавічы, Літвічы, Татарка…

У нашай сям’і карані мамінага роду па мацярынскай лініі ў Арэнбургскай вобласці, па бацькавай – беларусы з “прымессю” прыбалтаў, а наша прозвішча ўкраінскае – Ярмоленка. Недзе ў мінулым, відаць, і ўкраінцы далучыліся. Яскравыя прыклады сямейнага інтэрнацыяналу ёсць і сярод маіх аднавяскоўцаў. Казахі Карымавы ў наступных пакаленнях ужо Верам’ёвы ды Панчанкі. Беларусы! То каму і з кім тут ваяваць, калі ўсе народы ўжо даўно перарадніліся? Ды і ўдумаемся ў сэнс слоў: народ, род, роднасць, Радзіма… Усе ад аднаго кораня. Выходзіць, у нейкай меры ўсе суайчыннікі – сваякі. Таму самы час узаемна спасцігаць культурную спадчыну іншых народаў. Вось тут ёсць, што пераняць і чаму павучыцца. Дні нацыянальнай культуры якраз дарэчы. І жыццё будзе нашмат цікавейшае.Толькі б не паўтарыліся жудасці вайны…

Адзіныя

Гаворым: кожны чацвёрты,

А той рахунак прыблізны,

А той рахунак няцвёрды,

А ўрон яшчэ больш вялізны.

               А. Вярцінскі

Нельга не пагадзіцца са словамі паэта, калі ведаеш гісторыю людзей, якія пасля вайны засталіся ў жывых адзінымі з немалых сем’яў. На мамінай радзіме і цяпер жыве Вольга Шалай, а ў сорак першым – шасцігадовая Волечка, якая мела тату, маму і дваіх братоў – старэйшага і зусім маленькага. У чэрвені сорак першага тату забралі на фронт.Цяпер ужо ніхто не скажа, ці была маці дзяўчынкі звязана з партызанамі, але ў той жудасны дзень за вёску сагналі ўсіх яе жыхароў і за сувязь з партызанамі сталі расстрэльваць сям’ю за сям’ёй,не шкадуючы нават дзетак. Волеччыну сям’ю вывелі ў ліку апошніх. Пабачыўшы груд забітых, дзяўчынка ад страху самлела і ўпала, напэўна, крыху раней, чым сталі страляць. Колькі так ляжала, не ведае і сама. Свядомасць пачала праясняцца, калі пачула галасы і плач жанчын. Жыхары суседніх вёсак спадзяваліся, што хоць камусьці з дзетак удалося ўцячы. Не ўдалося нікому. Цудам выжыла толькі Волечка. А праз шмат гадоў бабуля Вольга прачытала ў газеце, што той расстрэл – частка спланаванай гітлераўцамі акцыі, мэта якой – масавае знішчэнне людзей,“ачыстка” і “абязлюдзенне”тэрыторыі, а сувязь з партызанамі – удалае апраўданне сваіх звярыных учынкаў.

Я паспрабавала ўявіць сябе на месцы той дзяўчынкі – кроў ледзянее ад жудасці. І баліць душа за суседнюю Украіну: як жа хутка людзі забыліся на тыя жахі вайны, калі ўнутрыдзяржаўныя канфлікты не змаглі вырашыць мірным шляхам! Шкада прыгожую і багатую дзяржаву, да болю шкада людзей,бо і тут спрацаваў спрадвечны закон вайны. Развязваюць яе адны, а пакутуюць другія, самыя безабаронныя: старыя, жанчыны, дзеці. Уразіла трагедыя жанчыны, якая ў лічаныя імгненні страціла мужа і дзіця, а ўцалелы хлопчык застаўся без рук, без ног, са скалечанымі вачыма. Расійскія ўрачы пераправілі няшчасных у добрую клініку, зрабілі ўсё магчымае, але адзінае дзіця той няшчаснай матулі назаўсёды застанецца інвалідам. А колькі дзетак наогул не пабачаць сонейка, не парадуюцца жыццю? Колькі з іх не паспелі нават усвядоміць, які гэта бясцэнны дар – жыццё? Вечны праклён табе, вайна!

Абвугленыя галінкі

Узяў жонку Марыначку –

У чыстым полі магілачку.

                 З народнай песні

Наша краіна залячыла раны, нанесеныя Айчыннай вайной. Ішлі дзесяцігоддзі, нараджаліся новыя пакаленні, харашэла жыццё. І раптам іншая вайна з іншай краіны ўзмахнула сваім чорным крылом над Беларуссю, забраўшы сабе новыя ахвяры – найлепшых юнакоў, нашых суайчыннікаў. Мая мама ўспамінае: калісьці даўно, напрыканцы 80-х гадоў, яна пабывала ў вёсцы Блужа Пухавіцкага раёна, дзе каля помніка Герою Савецкага Саюза Мікалаю Чэпіку праходзіў урачысты мітынг.На пачэсным месцы стаяла прыгожая смуглявая жанчына, скрыжаваўшы далоні спрацаваных рук. У выразных цёмных вачах – бязмежная туга. Пра што думала маці слаўнага воіна-інтэрнацыяналіста? Пра далёкую краіну, дзе прыняў такую жудасную смерць яе адзіны сын? Ці пра тое, што ён назаўсёды застанецца вось такім – дзевятнаццацігадовым, што ніколі не пасталее, як яго аднагодкі?

Ніколі яна,матуля, не адчуе падтрымку таго, каму лёсам наканавана даглядзець яе старасць, не прыхінецца да яго дужага пляча.Ніколі не будзе ён сядзець на куце побач з прыгажуняй-нявестай у бялюткім вэлюме, і ніколі не пажадаюць яму “мець столькі дзетак, колькі ў полі кветак”.І бабуля ніколі не возьме на рукі, не прытуліць яго немаўлятка – свайго ўнука ці ўнучку.Ніколі не пацешыцца яна з яго прыгожых, разумных, працавітых і паслухмяных сыноў і дачушак. Ён мог бы жыць! І павінен быў жыць, бо быў адзіным сынам – той галінкай на дрэве сямейнага радаводу, якой наканаванаразрасціся, даць атожылкі, каб не звёўся род Чэпікаў. А колькі ўсяго такіх галінак раструшчыла, спапяліла бязлітасная сіла, назва якой – вайна! Ніколі, ніколі яна не павінна паўтарыцца!

Мы – за мір!

Жаўранка песня ў небе дрыжыць…

О Божа мілы, як добра жыць!

               П. Панчанка

Вайна… Войны… Безліч іх адшугала над нашай краінай за ўсю яе гісторыю. І якімі б высокімі мэтамі ні прыкрываліся іх ідэолагі, сутнасць любой вайны адна – забойства. Жыццё не стаіць на месцы. У ім усё развіваецца, удасканальваецца. Узброеныя канфлікты не выключэнне. Прымітыўная зброя часоў Чынгісхана ці эпохі крыжаносцаў не ідзе ні ў якое параўнанне, напрыклад, са зброяй у арміі Пятра Першага, а пятроўскія навінкі ўзбраення – амаль бяскрыўдныя дзіцячыя цацкі ў параўнанні з ваеннымі дасягненнямі 30-40-х гадоў мінулага стагоддзя. Далей – болей. З’явіліся разнавіднасці зброі масавага знішчэння. Удумацца страшна – масавага! Падлік знішчаных чалавечых жыццяў ідзе ўжо не на адзінкі – на масы! На сотні, на дзясяткі соцень, на тысячы, а там і да мільёна размахнуцца можна! Крыважэрная сутнасць вайны ў тым і заключаецца, што найкаштоўнейшы дар нябёсаў – жыццё – абясцэньваецца, зводзіцца на нішто. Між тым Кузьма Чорны трапна сказаў: “Чалавек – гэта цэлы свет”. А нашы продкі верылі ў тое, што з нараджэннем немаўляці ў небе загараецца новая зорачка і зіхаціць да таго часу, пакуль чалавек жыве. Скончыцца жыццёвы шлях – і яна згарыць, рассыплецца, не даляцеўшы да зямлі. Такім чынам яны падсвядома далучалі чалавека да космасу, як маленькую планету. Забойства адмаўляе і рэлігія,далучыўшы яго да смяротных грахоў.

Я ганаруся тым, што жыву ў нашай мірнай дзяржаве. Прэзідэнт Беларусі прыкладае ўсе намаганні, каб грамадзяне краіны адчувалі сябе ў бяспецы, жылі ў абстаноўцы міру і стабільнасці, бо мір – гэта аснова поспехаў, дабрабыту, шчасця.

Дваццаць першае стагоддзе – гэта новы віток у развіцці сусветнай цывілізацыі. Войны, як перажытак мінулага, трэба і пакінуць у мінулым. Бо важней не тое, хто, калі і з кім варагаваў, а тое, як складуцца адносіны паміж дзяржавамі зараз. Чалавек новага тысячагоддзя павінен навучыцца быць дыпламатам і міратворцам, вырашаць усе пытанні за сталом перагавораў, чуць не толькі сябе, але і іншых людзей, стрымліваць уласныя амбіцыі, калі яны не ідуць на карысць агульнай справе. Гэта вялікае шчасце – адчуваць падтрымку братніх народаў, жыць з усіміў добрай згодзе. Давайце ж зберажом мір для нашчадкаў!